1 лістапада, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі зацверджаны новыя памеры сярэднедушавых мінімальных спажывецкіх бюджэтаў (МПБ) для васьмі сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле комплексных праблем развіцця сацыяльна-працоўнай сферы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям'і з чатырох чалавек з 1 лістапада 2012 года па 31 студзеня 2013 года складае Br1 млн. 391 тыс. 530 у разліку на месяц. Гэта на 4,5% перавышае нарматыў, які дзейнічаў з 1 жніўня па 31 кастрычніка 2012 года (Br1 млн. 332 тыс. 100). Па словах спецыялістаў, асноўныя артыкулы расходаў сярэднедушавога МПБ сям'і з чатырох чалавек у цэнах верасня 2012 года наступныя: прадукты харчавання - 55,6%, адзенне, бялізна, абутак - 22,3%, карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі - 4,8%, бытавыя паслугі, транспарт, сувязь - 4,7%, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння - 7,9%, прадметы санітарыі, гігіены, лекі - 2,3%, культурна-асветніцкія мерапрыемствы і адпачынак - 1,3%, унёскі і плацяжы - 1,1%. Зацверджаны таксама сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям'і з трох чалавек - Br1 млн. 452 тыс. 620, працаздольнага насельніцтва - Br1 млн. 745 тыс., пенсіянераў - Br1 млн. 358 тыс. 780, студэнтаў - Br1 млн. 360 тыс. 790, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br1 млн. 80 тыс. 530, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br1 млн. 289 тыс. 580, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br1 млн. 562 тыс. 920. У міністэрстве растлумачылі, што Законам Рэспублікі Беларусь "Аб фарміраванні і выкарыстанні мінімальнага спажывецкага бюджэту" ўстаноўлена прававая аснова вызначэння і выкарыстання МПБ. Мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэб чалавека. Мінімальныя спажывецкія бюджэты зацвярджаюцца штоквартальна пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь у цэнах апошняга месяца квартала для васьмі сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва. МПБ прымяняецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змяненняў узроўню жыцця насельніцтва, узмацнення сацыяльнай падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу, абгрунтавання мінімальных памераў дзяржаўных сацыяльных гарантый.