25 студзеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі ўстаноўлены новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў (МСБ) для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп у сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго члена сям'і рознага складу. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле комплексных праблем развіцця сацыяльна-працоўнай сферы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Мінімальны спажывецкі бюджэт на аднаго члена сям'і з чатырох чалавек з 1 лютага па 30 красавіка 2013 года складзе Br1 млн. 457 тыс. 850 у разліку на месяц. Гэта на 4,8% перавышае нарматыў, які дзейнічае з 1 лістапада 2012 года па 31 студзеня 2013 года (Br1 млн. 391 тыс. 530).

Па словах спецыялістаў, асноўныя артыкулы расходаў МСБ сям'і з чатырох чалавек у цэнах снежня 2012 года наступныя: прадукты харчавання - 54,3%, адзенне, бялізна, абутак - 22,7%, карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі - 4,9%, бытавыя паслугі, транспарт, сувязь - 4,9%, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння - 8%, прадметы санітарыі, гігіены, лекі - 2,3%, культурна-асветніцкія мерапрыемствы і адпачынак - 1,5%, унёскі і плацяжы - 1,4%.

Устаноўлены таксама сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям'і з трох чалавек - Br1 млн. 529 тыс. 650, працаздольнага насельніцтва - Br1 млн. 840 тыс. 970, пенсіянераў - Br1 млн. 430 тыс. 150, студэнтаў - Br1 млн. 443 тыс. 20, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br1 млн. 140 тыс. 780, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br1 млн. 360 тыс. 90, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br1 млн. 629 тыс. 320.

У міністэрстве растлумачылі, што Законам Рэспублікі Беларусь "Аб фарміраванні і выкарыстанні мінімальнага спажывецкага бюджэту" ўстаноўлена прававая аснова вызначэння і выкарыстання МСБ. Мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэб чалавека. Мінімальныя спажывецкія бюджэты ўстанаўліваюцца штоквартальна пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў цэнах апошняга месяца квартала для шасці сацыяльна-дэмаграфічных груп і дзвюх сем'яў рознага складу.

МСБ прымяняецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змяненняў узроўню жыцця насельніцтва, узмацнення сацыяльнай падтрымкі нядольных грамадзян, абгрунтавання мінімальных памераў дзяржаўных сацыяльных гарантый.-0-