25 кастрычніка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі ўстаноўлены памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў у сярэдніх цэнах верасня 2010 года для васьмі сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва. Гэтыя нарматывы будуць дзейнічаць з 1 лістапада 2010 года па 31 студзеня 2011 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле комплексных праблем развіцця сацыяльна-працоўнай сферы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям'і з чатырох чалавек з 1 лістапада гэтага года складзе Br459 тыс. 620 у разліку на месяц (з 1 жніўня па 30 кастрычніка 2010 года - Br448 тыс. 520). Сярэднедушавы МСБ сям'і з чатырох чалавек служыць асновай для вызначэння права грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў і субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў.
Новы МСБ сям'і з чатырох чалавек павялічыўся на 2,5%. Гэта абумоўлена ростам цэн на харчовыя і прамысловыя тавары, а таксама тарыфаў на паслугі, якія ўваходзяць у спажывецкія кошыкі.
Асноўныя артыкулы расходаў сярэднедушавога мінімальнага спажывецкага бюджэту сям'і з чатырох чалавек у цэнах верасня 2010 года наступныя: прадукты харчавання - 54%, адзенне, бялізна, абутак - 19%, аплата жылля і камунальныя паслугі - 9,8%, бытавыя паслугі, транспарт, сувязь - 6,1%, прадметы санітарыі, гігіены, лекавыя сродкі - 1,9%.
Акрамя таго, зацверджаны сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям'і з трох чалавек - Br473 тыс. 920, працаздольнага насельніцтва - Br575 тыс. 960, пенсіянераў - Br478 тыс. 250, студэнтаў - Br437 тыс. 430, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br364 тыс. 120, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br443 тыс. 910, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br514 тыс. 890.
У адпаведнасці з заканадаўствам мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэб чалавека.
Мінімальны спажывецкі бюджэт ужываецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змяненняў узроўню жыцця насельніцтва, узмацнення сацыяльнай падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу, фарміравання сістэмы народна-гаспадарчых прапорцый і прыярытэтаў, якія забяспечваюць паэтапнае набліжэнне спажывання грамадзян да навукова абгрунтаванага ўзроўню.-0-
БЕЛТА
Новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў зацверджаны ў Беларусі
25.10.20100 праглядаў