25 красавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі ўстаноўлены памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў у сярэдніх цэнах сакавіка 2011 года для васьмі сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва. Гэтыя нарматывы будуць дзейнічаць з 1 сакавіка па 31 ліпеня бягучага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле комплексных праблем развіцця сацыяльна-працоўнай сферы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям'і з чатырох чалавек з 1 мая гэтага года складзе Br524 тыс. 770 у разліку на месяц (дзеючы нарматыў з 1 лютага гэтага года - Br480 тыс. 690). Новы МСБ сям'і з чатырох чалавек павялічыўся на 9,2%. Гэта абумоўлена ростам цэн у першым квартале на прадукты харчавання, прамысловыя тавары, а таксама ростам тарыфаў на жыллёва-камунальныя, бытавыя, транспартныя паслугі, паслугі дашкольных устаноў і культуры, растлумачылі ў міністэрстве. Нагадаем, сярэднедушавы МСБ сям'і з чатырох чалавек служыць асновай для вызначэння права грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў і субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў. Асноўныя артыкулы расходаў сярэднедушавога мінімальнага спажывецкага бюджэту сям'і з чатырох чалавек у цэнах сакавіка 2011 года наступныя: прадукты харчавання - 55,9%, адзенне, бялізна, абутак - 18,1%, аплата жылля і камунальныя паслугі - 9,5%, мэбля, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння - 6,7%, бытавыя паслугі, транспарт, сувязь - 5,6%. Зацверджаны таксама сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям'і з трох чалавек - Br549 тыс. 680, працаздольнага насельніцтва - Br671 тыс. 680, пенсіянераў - Br536 тыс. 160, студэнтаў - Br512 тыс. 320, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br413 тыс. 310, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br511 тыс. 950, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br586 тыс. 230. Па словах спецыялістаў, у адпаведнасці з заканадаўствам мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэб чалавека. Мінімальны спажывецкі бюджэт ужываецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змяненняў узроўню жыцця насельніцтва, узмацнення сацыяльнай падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу, фарміравання сістэмы народна-гаспадарчых прапорцый і прыярытэтаў, якія забяспечваюць паэтапнае набліжэнне спажывання грамадзян да навукова абгрунтаванага ўзроўню.-0-