У Беларусі з 1 жніўня ўводзяцца новыя стандарты для забеспячэння безбар'ернага асяроддзя, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА вядучы інжынер аддзела тэхнічнага нармавання і стандартызацыі ў машынабудаванні і рэсурсазберажэнні Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС) Кацярына Карыцька.

Стандарты распрацаваны ў адпаведнасці з падка праграмай "Безбар'ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб" і ўтрымліваюць патрабаванні да канструкцыі і ўстаноўкі пад'ёмных механізмаў і тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, якія забяспечваюць бяспечнае перамяшчэнне людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

У прыватнасці, СТБ ISO 23599-2019 прызначаны дапамагчы невідушчым людзям арыентавацца ў прасторы дзякуючы зручнаму размяшчэнню спецыяльных элементаў - тактыльных паказальнікаў (папераджальных і накіравальных), якія забяспечваюць правільнае ўспрыманне інфармацыі, якая перадаецца праз тактыльныя паверхні як у памяшканнях, так і на адкрытых пляцоўках (паблізу пешаходных пераходаў, чыгуначных платформ, лесвіц, пандусаў, эскалатараў, ліфтаў).

Стандарт СТБ EN 81-82-2019 накіраваны на павышэнне даступнасці ліфтаў для ўсіх пасажыраў, уключаючы пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі, СТБ ISO 19026-2019 - на вырашэнне праблем, з якімі сутыкаюцца пажылыя грамадзяне, людзі з інваліднасцю пры карыстанні грамадскімі туалетамі (стандарт устанаўлівае патрабаванні да формы, колеру, размяшчэння кнопак змыву, выкліку).

СТБ ISO 10865-2-2019 устанаўлівае метады выпрабаванняў і патрабаванні да канструкцыі, характарыстык і маркіроўкі сістэм мацавання крэслаў-калясак, а таксама да адпаведных інструкцый і папярэджанняў. "Бяспечная перавозка звычайна патрабуе дадатковага абсталявання для замацавання, утрымання крэслаў-калясак у аварыйных сітуацыях. Стандарт прапануе альтэрнатыўныя рашэнні для эфектыўнага выкарыстання прасторы, зручнасці і незалежнасці пасажыраў падчас паездкі", - растлумачыла вядучы інжынер БелДІСС.

СТБ EN 12182-2019 устанаўлівае агульныя тэхнічныя патрабаванні і метады выпрабаванняў асістыўных прылад, якія адносяцца да медыцынскага абсталявання. Сярод іх артапедычныя прыстасаванні для хады, крэслы-каляскі, пратэзы, хадункі, трысці.