21 снежня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. У Беларусі з 1 студзеня 2012 года ўводзяцца новыя стаўкі платы за праезд па аўтамабільнай дарозе М-1/Е30 Брэст - Мінск - мяжа Расійскай Федэрацыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе дэпартамента "Белаўтадар" Міністэрства транспарту і камунікацый.
У адпаведнасці з пастановай Минтранса ад 2 лістапада гэтага года №70 уводзіцца новая катэгорыя плацельшчыкаў - уладальнікі (карыстальнікі) аўтамабільных транспартных сродкаў краін Мытнага саюза (замест Расійскай Федэрацыі). Акрамя таго, аўтамабільныя транспартныя сродкі вышынёй не больш за 210 см не будуць дзяліцца на катэгорыі ў залежнасці ад колькасці восяў.
Для ўладальнікаў легкавых аўтамабільных транспартных сродкаў Беларусі (транспартны сродак вышынёй не больш за 210 см) захавана нулявая стаўка за праезд. З 1 студзеня аналагічныя транспартныя сродкі краін Мытнага саюза таксама будуць вызвалены ад платы за праезд.
У пастанове асобна агаворваецца аб транспартных сродках Беларусі, якія будуць мець ільготную стаўку за праезд. Да іх адносяцца, у прыватнасці, маршрутныя аўтобусы, аўтатранспарт, які ажыццяўляе перавозку малака, хлеба, сельскагаспадарчай прадукцыі і некаторыя іншыя.
Для асобных катэгорый уладальнікаў транспартных сродкаў замежных дзяржаў і краін Мытнага саюза стаўкі за праезд некалькі павялічваюцца.
Падрабязна з дакументам можна азнаёміцца на сайце "Белаўтадар" www.belavtodor.belhost.by у рубрыцы "Заканадаўства".-0-
БЕЛТА
Новыя стаўкі платы за праезд па аўтадарозе М-1/Е30 уводзяцца ў Беларусі
21.12.20110 праглядаў