29 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Магчымасць стварэння міждысцыплінарных рабочых груп па рэінтэграцыі і рэабілітацыі ахвяр гандлю людзьмі будзе разгледжана ў Віцебску на пасяджэнні рэгіянальнай рабочай групы 1 снежня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава. Пасяджэнне рабочай групы пройдзе ў межах дзяржаўнай праграмы супрацьдзеяння гандлю людзьмі, нелегальнай міграцыі і звязаным з імі проціпраўнымі дзеяннямі. Як чакаецца, у ім возьмуць удзел прадстаўнікі Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ), Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Будзе праведзены агляд у сферы супрацьдзеяння гандлю людзьмі ў Беларусі, разгледжаны новыя пагрозы і тэндэнцыі. Удзельнікі сустрэчы абмяркуюць магчымасць стварэння міждысцыплінарных рабочых груп, адказных за рэінтэграцыю і рэабілітацыю ахвяр гандлю людзьмі. Мэтай пасяджэння рабочай групы з'яўляецца распрацоўка каардынацыйнага механізму, які дазволіць кансалідаваць намаганні зацікаўленых бакоў у сферы супрацьдзеяння гандлю людзьмі, аптымізаваць абмен інфармацыяй, умацаваць сістэму ідэнтыфікацыі і накіравання пацярпелых ад гандлю людзьмі.-0-

БЕЛТА