26 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Новыя магчымасці развіцця і ўзаемадзеяння прыгранічных раёнаў Беларусі і Расіі як аб'екта комплекснага навуковага даследавання будуць разгледжаны на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава 27 мая, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык кафедры філасофіі кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Эдвард Рудкоўскі.
Цікавасць да тэматыкі навуковага форуму праявілі больш за 100 вучоных і спецыялістаў з беларускіх ВНУ, навуковых цэнтраў і навучальных устаноў пяці рэгіёнаў Расіі, у тым ліку якія маюць агульную мяжу з Віцебскай вобласцю. Віцебскі дзяржуніверсітэт упершыню звяртаецца да тэмы прыгранічнага супрацоўніцтва, таму асноўнымі мэтамі канферэнцыі з'яўляюцца абагульненне і сістэматызацыя навукова-тэарэтычнага і практычнага вопыту вучоных, якія займаюцца пытаннямі трансгранічнага супрацоўніцтва, пашырэнне кантактаў і ўзаемадзеяння ВНУ дзвюх краін.
У ходзе мерапрыемства будуць разгледжаны гістарычныя традыцыі і вопыт узаемадзеяння рэгіёнаў у мінулым, пытанні самаідэнтыфікацыі насельніцтва прыгранічча. Удзельнікі канферэнцыі падыскутуюць аб месцы і ролі прыгранічных рэгіёнаў у развіцці супрацоўніцтва краін і народаў у цэлым, у інтэграцыйных працэсах Беларусі і Расіі. Асобны блок выступленняў будзе звязаны з абмеркаваннем супрацоўніцтва ў эканамічнай і турыстычнай сферах, развіцця ўзаемадзеяння ў галіне рэгіянальнага кіравання і самакіравання, актывізацыі супрацоўніцтва ў навуковай, адукацыйнай і культурнай сферах, ахове навакольнага асяроддзя. Акрамя таго, адна з экспертных пляцовак форуму будзе прысвечана дыялогу і ўзаемапранікненню культур у прыграніччы, праца яшчэ адной секцыі будзе звязана з разглядам праблем моўнай канвергенцыі і дывергенцыі ў прыгранічных тэрыторыях, а таксама двухмоўя.
Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Міністэрства адукацыі, Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава.-0-
БЕЛТА
Новыя магчымасці развіцця прыгранічных раёнаў Беларусі і Расіі абмяркуюць на канферэнцыі ў Віцебску
26.5.20110 праглядаў