18 мая, Ушачы, /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Новы этап развіцця палітычнага жыцця Беларусі прадугледжвае прафесійную палітыку з канструктыўным дыялогам. Пра гэта сёння заявіў міністр інфармацыі Беларусі, член рэспубліканскага савета рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь" Алег Праляскоўскі, выступаючы перад удзельнікамі справаздачна-выбарнай канферэнцыі Ушацкай раённай арганізацыі ГА "Белая Русь", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як адзначыў Алег Праляскоўскі, пераадолеўшы негатыўныя наступствы сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, Беларусь прыступіла да глыбокага, але спакойнага і планамернага рэфармавання сваёй эканомікі, што непазбежна прадугледжвае змяненне жыцця ўсяго грамадства і яго палітычнай сферы. У гэтых умовах зменяцца ўмовы працы, характар мэт і задач, якія стаяць перад "Белай Руссю" як адной з наймагутнейшых грамадска-палітычных структур у краіне. "Новы этап развіцця палітычнага жыцця нашай краіны звязаны, перш за ўсё, з тым, што палітыка становіцца і будзе станавіцца больш прафесійнай. Ад традыцыйнага процістаяння патрыятычных сіл і "пятай калоны" мы павінны перайсці да дзелавога, канструктыўнага абмеркавання канкрэтных праблем нашага грамадства і шляхоў іх вырашэння. Трэба абмяркоўваць канкрэтныя папраўкі ў заканадаўства, канкрэтныя праекты, тое, як зрабіць эканоміку больш эфектыўнай, а жыццё людзей лепшым", - падкрэсліў Алег Праляскоўскі. Разам з тым ён лічыць недапушчальным весці размову аб лібералізацыі дзейнасці так званай пятай калоны. "Каб захаваць кіравальнасць і суверэнітэт Беларусі пры пэўнай эканамічнай лібералізацыі, неабходна захоўваць і нават нарошчваць магутнасць тых механізмаў, якія дазваляюць дзяржаве і патрыятычна настроеным грамадзянам абараняць нацыянальныя інтарэсы як унутры, так і па-за краінай", - заявіў Алег Праляскоўскі.