Новы год для маладых выбаршчыкаў у Полацку пачнецца 23 верасня
23.9.20120 праглядаў
23 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Новы год для маладых выбаршчыкаў участку №11 Полацкай гарадской выбарчай акругі №28 пачнецца з 23 верасня. Участковая камісія падрыхтавала для юнакоў і дзяўчат, якія галасуюць упершыню, незвычайны сувенірны календарык, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў акруговай выбарчай камісіі №28.
Як і традыцыйны каляндар, сувенірны разлічаны на год. А вось адлік дзён у ім пачынаецца не з 1 студзеня, а з 23 верасня 2012 года і заканчваецца 23 верасня 2013 года. Такім чынам, моладзь пачынае адлік свайго новага статусу - статусу паўнапраўнага грамадзяніна сваёй краіны, які мае і скарыстаўся сваім правам голасу. У Наваполацку гарадскі выканкам для тых, хто галасуе ўпершыню, падрыхтаваў святочныя паштоўкі з добрымі пажаданнямі. У іх гарадская ўлада выказвае ўпэўненасць у тым, што маладыя навапалачане будуць годна несці званне грамадзяніна Беларусі і жыхара працоўнага нафтаграда.
Памятныя сувеніры для выбаршчыкаў, якія ўпершыню ўдзельнічаюць у выбарах, падрыхтаваны практычна на ўсіх выбарчых участках Віцебскай вобласці. Сёння 898 выбарчых участкаў, у тым ліку 48 у стацыянарных лячэбных установах і санаторыях, 2 у воінскіх часцях, чакаюць галасуючых. У спісы выбаршчыкаў унесена каля 900 тыс. чалавек. На 14 дэпутацкіх месцаў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў вобласці прэтэндуюць 42 кандыдаты, з іх 22 з'яўляюцца членамі партый. Усім кандыдатам на падставе выбарчага заканадаўства былі прадастаўлены роўныя правы, усе яны атрымалі магчымасць бясплатна выступіць на тэлебачанні і ў радыёэфіры са сваімі перадвыбарнымі праграмамі. Тэлерадыёкампанія "Віцебск" з 28 жніўня па 3 верасня прадэманстравала выступленні 37 кандыдатаў, 35 прэтэндэнтаў выступілі па абласным радыё. Упершыню ў цяперашняй выбарчай кампаніі кандыдаты змаглі правесці публічныя дыскусіі. У вобласці ў іх прынялі ўдзел 22 чалавекі, выступіўшы ў васьмі тэлевізійных і шасці радыёдэбатах. Яшчэ адным новаўвядзеннем гэтай кампаніі стала адкрыццё кандыдатамі перадвыбарных фондаў. Спецыяльныя выбарчыя рахункі ў падраздзяленнях ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк" адкрылі 12 кандыдатаў, якія балатаваліся па выбарчых акругах Віцебскай вобласці. Сабраныя сродкі кандыдаты накіроўвалі на выраб дадатковай друкаванай прадукцыі, набывалі месцы ў мясцовых газетах для публікацыі сваіх перадвыбарных матэрыялаў.
За ходам выбарчай кампаніі ў вобласці сочаць больш за 4 тыс. нацыянальных назіральнікаў, звыш 30 міжнародных. У датэрміновым галасаванні, якое праходзіла з 18 па 22 верасня, узялі ўдзел 28,3% выбаршчыкаў. -0-
БЕЛТА