3 мая, Глыбокае /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Новы мясаперапрацоўчы цэх Глыбоцкага мясакамбіната плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў канцы бягучага года. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар ААТ "Глыбоцкі мясакамбінат" Анатоль Дук.
Зараз на прадпрыемстве рэалізуецца інвестыцыйны праект па будаўніцтве мясаперапрацоўчага корпуса з агульным аб'ёмам фінансавання Br120 млрд. Вытворчасць размесціцца на плошчах не дабудаванага ў савецкі час корпуса. Будаўнічыя работы тут аднавіліся ў 2013 годзе. "Рэалізацыя гэтага інвестыцыйнага праекта дазволіць пашырыць асартымент выпускаемай прадукцыі, паглыбіць ступень перапрацоўкі сыравіны і вырабляць прадукт з высокай дабаўленай вартасцю", - сказаў дырэктар, падкрэсліўшы, што ўвод у эксплуатацыю новага цэха значна павысіць канкурэнтаздольнасць прадпрыемства.
Анатоль Дук адзначыў, што зараз пры поўнай загрузцы магутнасцей доля гатовай прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці складае каля 25%. З уводам у строй новага цэха гэтая лічба павялічыцца ўдвая. "На новых плошчах будзе ўстаноўлена сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне па вытворчасці каўбасных вырабаў і паўфабрыкатаў. Асартымент апошніх значна пашырыцца, а іх удзельная вага ў аб'ёме вытворчасці павялічыцца з 20% да 30%", - падкрэсліў дырэктар.
Глыбоцкі мясакамбінат заснаваны ў 1936 годзе, акцыянаваны ў 1997-м. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці каўбасных, сыравэнджаных вырабаў, мяса і мясных паўфабрыкатаў.-0-