17 лютага, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Сістэма з 16 камер відэаназірання будзе ўстаноўлена ў тунэлях і на прылеглай тэрыторыі падземнага пешаходнага пераходу, які злучыў гандлёва-забаўляльны комплекс "Марка-сіці" і Летні амфітэатр у Віцебску, паведаміў журналістам дырэктар КУП "Сталічнае будаўніцтва горада Віцебска" Міхаіл Мяшко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Новы падземны пераход злучыў зоны Летняга амфітэатра і набярэжнай Заходняй Дзвіны, развіццё якіх прадугледжана планам забудовы Віцебска. Падземны пераход ужо адкрыты для пешаходаў, але работы па яго ўладкаванні працягваюцца. "Яшчэ абсталюем два тунэлі і прылеглую тэрыторыю сістэмай відэаназірання. Тут будзе ўстаноўлена 16 відэакамер: паваротныя на вуліцы Леніна і 12 камер у двух падземных пераходах. Гэта дапаможа забяспечыць бяспеку людзей", - сказаў дырэктар прадпрыемства.
Прадпрыемства "Сталічнае будаўніцтва горада Віцебска" выступала заказчыкам узвядзення падземнага пераходу ў раёне Летняга амфітэатра, генеральны падрадчык - ААТ "Жылбуд". Непасрэдны ўдзел у будаўніцтве аб'екта прымала адна з расійскіх арганізацый, якая ажыццяўляла пракол. "Работы пачаліся ў 2011 годзе. Праект унікальны тым, што нязручнасцей транспарту і пешаходам з будаўніцтвам гэтага аб'екта мы не стварылі. Не закрылі рух, работы праведзены метадам праколу. Даўжыня двух падземных пераходаў - каля 48 м", - сказаў Міхаіл Мяшко.
Ён таксама праінфармаваў, што ў бліжэйшыя паўтары-два тыдні на праспекце Фрунзе, вуліцах Леніна і Гогаля з'явяцца спецыяльныя інфармацыйныя таблічкі. "Інфармацыя - выхад на парны, няпарны бок вуліцы Леніна, прыпынкі грамадскага транспарту. Дадаткова будзе пазначаны маршрут для інвалідаў", - паведаміў Міхаіл Мяшко. Людзі на калясках будуць перамяшчацца з парнага на няпарны бок вуліцы Леніна праз наземны пешаходны пераход, які дзейнічае на плошчы Свабоды.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)