18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі зацверджаны парадак і ўмовы фінансавання ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" праектаў, уключаных у дзяржпраграмы. Гэта прадугледжана сумеснай пастановай Саўміна і Нацбанка Беларусі ад 17 студзеня 2012 года №14/1, якая апублікавана ў газеце "Рэспубліка", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Згодна з пастановай, Банк развіцця будзе фінансаваць дзяржпраграмы шляхам прадастаўлення крэдытаў ад свайго імя і за свой кошт на умовах тэрміновасці, платнасці і зваротнасці. У прыярытэтным парадку банк павінен крэдытаваць праекты, уключаныя ў дзяржпраграмы жыллёвага будаўніцтва на вёсцы, развіцця аграпрамысловага комплексу, стварэння або развіцця высокатэхналагічных вытворчасцей. Прадугледжваецца кампенсацыя юрыдычным асобам часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі і (або) прадастаўленне крэдытаў банкамі на льготных умовах, і (або) размяшчэнне сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў у дэпазіты. Аб'ёмы і напрамкі крэдытавання дзяржпраграм, а таксама крыніцы сродкаў на гэтыя мэты вызначаюцца ў прагнозным балансе Банка развіцця ў адпаведнасці з штогадовым планам фінансавання дзяржпраграм, парадак фарміравання якога ўстанаўлівае Саўмін.
Банк развіцця можа прадастаўляць крэдыты ў беларускіх рублях і інвалюце. Пры гэтым крэдытаванне ў інвалюце ажыццяўляецца для рэалізацыі валютаакупных праектаў і пры наяўнасці ў дастатковым аб'ёме для выканання абавязацельстваў выручкі ў інвалюце, якая застаецца ў крэдытаатрымальніка пасля яе абавязковага продажу. Крэдыты будуць прадастаўляцца пасля адкрыцця крэдытаатрымальнікам банкаўскага рахунку ў Банку развіцця для акумулявання часткі выручкі, накіраванай выключна для пагашэння наяўнай перад ім запазычанасці. Крэдытаатрымальнік абавязаны накіроўваць на гэты рахунак не больш за 10% выручкі. Адной з умоў прадастаўлення крэдытаў выступае страхаванне рызыкі незвароту, альбо размяшчэнне ў банку гарантыйнага дэпазіту або наяўнасць гарантыі ў суме, дастатковай для поўнага пагашэння запазычанасці.
Банк развіцця можа крэдытаваць праекты з прыцягненнем банкаў-агентаў або самастойна. Пры гэтым рызыку страт з прычыны невыканання, несвоечасовага альбо няпоўнага выканання крэдытаатрымальнікам (даручальнікам, гарантам, заклададальнікам) абавязацельстваў нясе Банк развіцця. Памер працэнтаў за карыстанне крэдытамі ўстанаўліваецца дзяржпраграмамі. У выпадку адсутнасці ў іх такой інфармацыі памер працэнтаў устанаўліваецца Банкам развіцця.
Пытанне аб крэдытаванні інвестпраектаў разглядаецца Банкам развіцця пры прадстаўленні заяўнікам бізнес-плана. Рашэнне аб крэдытаванні інвестпраекта можа быць прынята толькі ў выпадку прызнання яго эканамічна эфектыўным і фінансава рэалізуемым. Тэрмін пагашэння крэдыту, які выдаецца для рэалізацыі інвестпраекта, устанаўліваецца зыходзячы з тэрмінаў акупнасці праекта і не павінен перавышаць 15 гадоў, калі іншае не прадугледжана дзяржпраграмамі. Прамежкавыя тэрміны вяртання (пагашэння) дадзенага крэдыту ўстанаўліваюцца зыходзячы з планаваных тэрмінаў пагашэння крэдытаў, прадугледжаных бізнес-планам інвестпраекта, калі іншае не прадугледжана дзяржпраграмамі. Пры гэтым аб'ёмы прамежкавых пагашэнняў павінны быць забяспечаны адпаведнымі крыніцамі ў кожным перыядзе рэалізацыі інвестпраекта.
БЕЛТА