10 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рэзідэнтам СЭЗ "Віцебск" зарэгістравана таварыства з абмежаванай адказнасцю "Сыравінныя рэсурсы Бел", якое плануе развіваць транспартна-экспедыцыйныя паслугі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў інвестыцыйна-эканамічным упраўленні адміністрацыі СЭЗ.
Бізнес-планам праекта, які айчынны інвестар мае намер рэалізаваць ва ўмовах СЭЗ, прадугледжваецца інвесціраванне каля $13 млн. у стварэнне сучаснай і экалагічна бяспечнай інфраструктуры для перавозкі і рэалізацыі звадкаваных вуглевадародных газаў. Асноўны аб'ём інвестыцый (звыш 80%) будзе накіраваны на набыццё рухомага саставу. Праект мае экспартную накіраванасць, усе паслугі будуць аказвацца нерэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Рэалізацыя праекта дазволіць прадпрыемству за пяць гадоў павялічыць аб'ём экспартных паслуг па перавозцы газаў больш чым у 3 разы.
Новы рэзідэнт СЭЗ будзе працаваць на пляцоўцы "Паўднёвая" у Оршы, якая складаецца з трох сектароў - "Паўночны прамысловы вузел" (Орша), "Лёс" (Барань) і "Авіярамонтны завод" (г.п. Балбасава) агульнай плошчай больш за 520 га і ўключана ў склад СЭЗ "Віцебск" указам №674 ад 24 снежня 2010 года. У выніку пашырэння межаў СЭЗ у яе склад увайшлі таксама сектары, размешчаныя ў Віцебску. Агульная плошча тэрыторыі СЭЗ "Віцебск" складае больш за 2,1 тыс.га і ўключае 12 сектароў, якія размешчаны ў гарадской рысе Віцебска, Пастаў, Оршы, Барані, гарадскога пасёлка Балбасава (Аршанскі раён), а таксама ў Віцебскім раёне.
СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. Сёння ў СЭЗ рэалізуецца 45 інвестыцыйных праектаў. Больш за 60% рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск" з'яўляюцца сумеснымі і замежнымі прадпрыемствамі, створанымі з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады, Галандыі і Ізраіля. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці.-0-
БЕЛТА
Новы рэзідэнт СЭЗ "Віцебск" інвестуе $13 млн. у інфраструктуру для перавозкі звадкаваных газаў
10.10.20110 праглядаў