29 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Новы турбаагрэгат запушчаны сёння ў працу на філіяле рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскэнерга" Віцебскай ЦЭЦ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Замена турбіны №2, якая адпрацавала рэсурс, ажыццяўлялася па дзяржаўнай комплекснай праграме мадэрнізацыі асноўных фондаў беларускай энергасістэмы на перыяд да 2011 года за кошт сродкаў РУП "Віцебскэнерга". Работы пачаліся ў маі бягучага года і паспяхова завяршыліся.
Увод новай турбіны дазволіць Віцебскай ЦЭЦ выпрацоўваць дадаткова больш за 35 млн. кВт.г. электраэнергіі ў год. Усталяваная магутнасць станцыі складзе 80 МВт. Павысіцца надзейнасць і эканамічнасць работы станцыі і энергасістэмы ў цэлым. Пры існуючых нагрузках работа новай турбіны забяспечыць у наступным годзе эканомію больш за 720 т умоўнага паліва. У далейшым па меры будаўніцтва жылога фонду Віцебска і павелічэння цеплавых нагрузак як камунальных, так і прамысловых, эканомія паліва будзе ўзрастаць.
Як адзначыў на цырымоніі запуску турбаагрэгата намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, час патрабуе ад энергасістэмы новых эканамічных тэхналогій. "Галоўнай нашай задачай на бліжэйшыя пяць гадоў з'яўляецца завяршэнне мадэрнізацыі аб'ектаў энергасістэмы, пушчаных у строй у 60-70-я гады мінулага стагоддзя, і стварэнне новых высокаэфектыўных магутнасцей. Да канца 2015 года мы павінны дабіцца 10% зніжэння ўмоўнага паліва на выпрацоўку 1 кВт.г", - сказаў ён.
Абсталяванне для Віцебскай ЦЭЦ набыта на расійскім прадпрыемстве ААТ "Калужскі турбінны завод", спецыялісты якога сумесна з персаналам электрастанцыі ажыццяўлялі мантаж абсталявання. Генеральным падрадчыкам на выкананне комплексу будаўніча-мантажных работ па замене турбіны выступіла ААТ "Центроэнергомонтаж".
Першая чарга Віцебскай ЦЭЦ уведзена ў строй у 1954 годзе. Усталяваная магутнасць, з улікам новай турбіны, складае 80 МВт, цеплавая магутнасць - 716 Гкал/г. На прадпрыемстве працуе больш за 400 чалавек. Віцебская ЦЭЦ адпускае гарачую ваду жыллёва-камунальнай гаспадарцы і прадпрыемствам Заходняй і Цэнтральнай частак Віцебска па пяці цепламагістралях, забяспечвае парай 4 буйных прадпрыемствы горада - ААТ "Віцебскдрэў", "Віцебскія дываны", "КІМ", камбінат шаўковых тканін. Сувязь з энергасістэмай ажыццяўляецца па шасці лініях электраперадач напружаннем 110 кВ.-0-
БЕЛТА
Новы турбаагрэгат Віцебскай ЦЭЦ дазволіць эканоміць у год больш за 720 т умоўнага паліва
29.12.20110 праглядаў