22 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Новы беларускі закон аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, які ўступае ў дзеянне з 2012 года, адпавядае міжнародным стандартам. Такое меркаванне выказаў журналістам дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў, які ў Віцебску прымае ўдзел у абласным семінары па пытаннях арганізацыі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Пры фарміраванні новага заканадаўчага акта распрацоўшчыкі аналізавалі аналагічнае заканадаўства іншых краін, і ў законатворчым працэсе быў улічаны перадавы замежны вопыт у сферы работы з грамадзянамі. "Можна адзначыць, што параўноўваючы наша заканадаўства і законы краін з развітой дэмакратыяй, мы нічога новага для сябе не адкрылі, там таксама арганізавана работа са зваротамі насельніцтва", - сказаў Вадзім Іпатаў. Пры гэтым у асобных выпадках беларускае заканадаўства змяшчае больш ліберальныя нормы. Так, у некаторых краінах заканадаўства змяшчае нормы, якія абмяжоўваюць асобных грамадзян у праве звярнуцца ў дзяржорганы. З уступленнем у сілу новага закона канцэптуальных змен у рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб не адбудзецца, падкрэсліў Вадзім Іпатаў. Улада павінна служыць народу, і гэтая вызначальная ўстаноўка кіраўніка дзяржавы захаваецца і ў нормах новага закона.-0-

БЕЛТА