23 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Закон "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", які ўступіў у сілу ў Беларусі 22 студзеня, сістэматызуе заканадаўства ў гэтай важнай сферы. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік арганізацыйна-кантрольнага аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці, старшы саветнік юстыцыі Ігар Багачоў. "Фактычна новым дакументам рэгламентуецца парадак рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна на зварот у дзяржаўныя органы. Пры гэтым выкарыстанне гэтага права пашырана і прадастаўлена таксама індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам", - падкрэсліў Ігар Багачоў. У законе вызначаны асноўныя тэрміны, правы і абавязкі заяўнікаў, абавязкі арганізацый пры разглядзе зваротаў, парадак падачы пісьмовых і вусных заяў, асаблівасці разгляду калектыўных, ананімных, паўторных, электронных і іншых зваротаў, парадак правядзення асабістага прыёму грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, а таксама іншыя пытанні. У параўнанні з законам аб зваротах грамадзян, які дзейнічаў раней, новы мае шэраг істотных новаўвядзенняў. У прыватнасці, вызначаны парадак складання і разгляду электронных зваротаў, якія паступаюць на адрасы электроннай пошты або размешчаны на афіцыйных сайтах арганізацый у сетцы Інтэрнэт. Электронныя звароты павінны будуць утрымліваць тыя ж звесткі, што і пісьмовыя, але замест асабістага подпісу варта ўказваць адрас электроннай пошты заяўніка. Адказы на такія звароты, а ў неабходных выпадках паведамленні аб падаўжэнні тэрміну іх вырашэння будуць накіроўвацца (за выключэннем некаторых выпадкаў) на адрас электроннай пошты заяўнікаў, пазначаны ў электронных зваротах. "З улікам развіцця інтэрнэт-тэхналогій, іх ролі ў жыцці грамадства, гэта важны падыход да арганізацыі работы са зваротамі грамадзян", - упэўнены суразмоўнік. Кіраўнікі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый цяпер маюць права прымяняць пры асабістым прыёме грамадзян, іх прадстаўнікоў, а таксама прадстаўнікоў юрыдычных асоб тэхнічныя сродкі, гэта значыць ажыццяўляць аўдыё- і відэазапіс, кіна- і фотаздымку. Аднак аб прымяненні такіх сродкаў заяўнік павінен быць праінфармаваны да пачатку асабістага прыёму. "Гэта дазволіць абараніць інтарэсы кожнага з бакоў у выпадку спрэчных сітуацый", - адзначыў Ігар Багачоў.