12 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Новым дырэктарам і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску прызначаны заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Валерый Анісенка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурнай часткі драмтэатра Святлана Дашкевіч.
Будучы выпускніком Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Валерый Анісенка ў 1965 годзе прыйшоў працаваць у коласаўскі тэатр артыстам. Праз два гады ён як адзін з самых перспектыўных маладых артыстаў атрымаў запрашэнне ў тэатр імя Янкі Купалы. Потым вучыўся ў Маскве, набыў прафесію рэжысёра. У купалаўскім тэатры паставіў дыпломны спектакль "Качыная паляванне" А.Вампілава, які быў прызнаны лепшай пастаноўкай забытай п'есы вядомага аўтара на беларускай сцэне. Далей працаваў рэжысёрам на беларускім радыё, кіраваў тэатрам-студыяй кінаакцёра, а з 2000 года ўзначальваў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.
"Валерый Анісенка вярнуўся ў тэатр Я.Коласа, каб тварыць і ствараць. У яго найбліжэйшых планах - знаёмства з кожным творчым работнікам нашага калектыву. Праз два тыдні на зборы трупы ён плануе паведаміць сваю праграму па ўдасканаленні творчай і вытворчай дзейнасці тэатра", - дадала Святлана Дашкевіч.-0-
БЕЛТА
Новым дырэктарам і мастацкім кіраўніком тэатра Я. Коласа ў Віцебску прызначаны Валерый Анісенка
12.4.20120 праглядаў