Пытанні добраўпарадкавання гарадоў раённага падпарадкавання мясцовыя ўлады павінны пастаянна трымаць у полі зроку. Пра гэта нагадаў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў падчас прамой тэлефоннай лініі.

Пытанні добраўпарадкавання гарадоў раённага падпарадкавання мясцовыя ўлады павінны пастаянна трымаць у полі зроку. Пра гэта нагадаў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў падчас прамой тэлефоннай лініі.

Тэма добраўпарадкавання малых населеных пунктаў была ўзнята жыхаркай горада Барань Аршанскага раёна. Яна звярнулася да кіраўніка вобласці ад імя ўсіх мясцовых маладых мам. Паводле яе слоў, значныя па плошчы ўчасткі гарадской тэрыторыі не абкошваюцца і зараслі хмызнякамі, прычым так, што месцамі страшна хадзіць. Акрамя таго, амаль цалкам адсутнічае дзіцячая інфраструктура, а наяўныя пляцоўкі не прыстасаваны для прагулак з дзецьмі. "Дзве пясочніцы, адна карусель, дзве горкі ды 4-5 лавак - гэта, мабыць, усё, няма нават простай дзіцячай пляцоўкі", - падзялілася маладая жанчына.

Справядлівасць узнятай праблемы прызнаў і першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргей Пац. "Сапраўды, мы сканцэнтравалі намаганні на райцэнтры, Балбасава, Копысі, але ўпусцілі Барань", - сказаў ён.

Мікалай Шэрстнёў даручыў у бліжэйшы час сфарміраваць рабочую праграму па добраўпарадкаванні горада, прадугледзеўшы мерапрыемствы па навядзенні парадку ў грамадскіх зонах і жылым сектары.

"Бяру гэтае пытанне пад асабісты кантроль, у бліжэйшы час пабываю ў Барані і на месцы ацэню сітуацыю", - заявіў старшыня аблвыканкама. Паводле яго слоў, у Віцебскай вобласці няшмат гарадоў раённага падпарадкавання. Пры гэтым мясцовыя ўлады, сканцэнтраваўшы намаганні на ключавых аб'ектах, часам забываюць аб навядзенні там элементарнага парадку. "А хто будзе займацца ўладкаваннем пляцовак для дзяцей, рамонтам лавак, абрэзкай раслін? Менавіта мясцовая ўлада павінна арганізаваць гэту работу, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з прадпрыемствамі, чые работнікі карыстаюцца інфраструктурай", - адзначыў Мікалай Шэрстнёў.