Віцебскі абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта "Уладар сяла" адбудзецца 13 верасня ў вёсцы Фарынава Полацкага раёна. За званне лепшай паборваюцца 20 маладых сем'яў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Ганна Серко.
"Уладар сяла" традыцыйна адкрыецца візітнымі карткамі ўдзельнікаў. Ім трэба будзе расказаць пра сям'ю, традыцыі, хобі, адпачынак. Журы таксама ацэніць выставу дасягненняў конкурсантаў. Захапляльнай часткай праекта стане "Сялянская эстафета", падчас якой мужу трэба будзе перавезці на тачцы жонку. Маладыя сем'і таксама згуляюць у "сельскі гольф": будуць забіваць бульбу ў лузы пры дапамозе хакейнай клюшкі. Кіраўніку сямейства трэба будзе па павелічэнні памеру развесіць адзенне, а жонцы - забіць малатком у брус цвік. Конкурсанты ў якасці дамашняга задання падрыхтавалі відэаролікі пра свае падворкі, лепшае з якіх вызначаць у інтэрнэт-галасаванні. Акрамя таго, кожная сям'я павінна будзе спячы дранікі на калодзе і прыгожа іх падаць. Чакае ўдзельнікаў конкурс караваяў і выраб з нарыхтовак розных прадметаў побыту з іх наступным упрыгожаннем.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Віцебскі аблвыканкам, Полацкі райвыканкам, Віцебскі абласны камітэт ГА "БРСМ", абласное аб'яднанне прафсаюзаў, РГА "Белая Русь", ГА "Беларускі фонд міру" і Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.
"Уладар сяла" стартаваў у 2007 годзе ў Глыбоцкім раёне і адразу прыцягнуў увагу грамадскасці. У 2008 годзе праект выйшаў на рэспубліканскі ўзровень. З таго часу ён штогод аб'ядноўвае сотні маладых сем'яў (муж і жонка ва ўзросце не старэйшыя за 31 год, іх дзеці), якія пражываюць у сельскай мясцовасці не менш за 3 гады і працуюць на сяле.-0-