Найлепшы ў краіне! З такім вынікам вярнуўся з Гродзенскай вобласці студэнцкі будаўнічы атрад «Эўрыка» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Найлепшы ў краіне! З такім вынікам вярнуўся з Гродзенскай вобласці студэнцкі будаўнічы атрад «Эўрыка» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Па выніках працы на аб'ектах Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы студатрад, які носіць імя Героя Савецкага Саюза, ганаровага грамадзяніна Наваполацка Віктара Еранько, лідзіраваў шосты раз запар.
На Усебеларускай маладзёжнай будоўлі «Горад маладосці» трэці працоўны семестр-2020 правялі толькі нашы суайчыннікі. Пандэмія COVID-19 звузіла колькасць студатрадаў. У Астравец, побач з якім будуецца першая ў краіне атамная электрастанцыя, на гэты раз не прыехалі расійскія студэнты.
Наваполацк на праекце прадставілі тры студэнцкія атрады Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. «Эўрыка», «Зодчие» і «Ритм» былі сфарміраваны ў асноўным са студэнтаў інжынерна-будаўнічага і механіка-тэхналагічнага факультэтаў. Гэтым летам яны ўдзельнічалі ва ўзвядзенні маладзёжнага цэнтра, шматпавярховага дома, цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы, добраўпарадкавалі вуліцы ў Астраўцы і не толькі.
Упершыню з пачатку праекта ў склад будаўнічых атрадаў ВНУ ўвайшлі дзяўчаты, якія выконвалі малярныя работы, адказвалі за культурна-дасугавую праграму, асвятлялі ў сацсетках мерапрыемствы. А іх прайшло нямала за два месяцы, праведзеных на будоўлі. Бо ўдзел у студатрадаўскім руху – гэта не толькі выкананне вытворчых задач. Моладзь спаборнічае ў творчых, інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтвах. Па выніках усіх паказчыкаў вызначаюцца лідары.
На закрыцці працоўнага семестра ў Астраўцы найлепшым студэнцкім атрадам у чарговы раз прызнана «Эўрыка», якую другі год запар узначальвае студэнт інжынерна-будаўнічага факультэта Дзмітрый Шчарбенок. Скарбніцу дасягненняў пяцікурсніка папоўніла яшчэ адна персанальная ўзнагарода. На Усебеларускай маладзёжнай будоўлі Дзмітрый пацвердзіў статус найлепшага камандзіра. Яго сукурсніца Вікторыя Сысой стала найлепшым камісарам атрада, а студэнт 4-га курса інжынерна-будаўнічага факультэта Уладзіслаў Гардынец адзначаны як найлепшы баец атрада «Эўрыка».