Центрвыбаркам размясціў на сваім сайце два каляндарныя планы - па выбарах у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання. Гэтыя дакументы былі зацверджаны 6 жніўня на пасяджэнні ЦВК, паведамляе БЕЛТА.
Паводле плана арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў, тэрмін вылучэння ў склад акруговых выбарчых камісій - не пазней за 30 жніўня. Прапаноўваць сваіх прадстаўнікоў могуць палітычныя партыі і іншыя рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне.
Участкі для галасавання на парламенцкіх выбарах у Беларусі павінны быць утвораны не пазней за 15 верасня, а ўчастковыя выбарчыя камісіі - не пазней за 2 кастрычніка. У іх палітычныя партыі і іншыя рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне вылучаюць сваіх прадстаўнікоў па 29 верасня.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пройдзе з 8 верасня па 7 кастрычніка ўключна. Рэгістрацыя намечана на 8-17 кастрычніка.
Выбаршчыкаў апавясцяць аб часе і месцы правядзення выбараў не пазней за 6 лістапада. У гэтыя ж тэрміны ім павінны прадаставіць інфармацыю аб кандыдатах у дэпутаты, якія балатаваліся па іх акрузе. Прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 12 па 16 лістапада. На наступны дзень, 17 лістапада, пройдзе асноўнае галасаванне.
Паведамленні аб выніках выбараў па кожнай акрузе будуць накіраваны ў друк не пазней чым на пяты дзень пасля асноўнага галасавання, гэта значыць да 22 лістапада. Спіс дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў будзе апублікаваны не пазней чым у трохдзённы тэрмін з дня ўстанаўлення вынікаў выбараў.
Што тычыцца выбараў у Савет Рэспублікі, то па каляндарным плане вылучэнне кандыдатаў у члены верхняй палаты парламента пройдзе з 9 верасня па 8 кастрычніка. Тэрміны рэгістрацыі - з 9 па 13 кастрычніка. Выбары намечаны на 7 лістапада, іх вынікі будуць устаноўлены не пазней за 22 лістапада.