З-за эпідэміялагічнай сітуацыі колькасць назіральнікаў падчас цяперашняй выбарчай кампаніі на ўчастках для галасавання зменшаць. Такая пастанова прынята сёння на пасяджэнні ЦВК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З-за эпідэміялагічнай сітуацыі колькасць назіральнікаў падчас цяперашняй выбарчай кампаніі на ўчастках для галасавання зменшаць. Такая пастанова прынята сёння на пасяджэнні ЦВК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прапанавала на перыяд правядзення цяперашняй выбарчай кампаніі паменшыць колькасць назіральнікаў у асноўны дзень галасавання да пяці, падчас датэрміновага галасавання - да трох. "Гаворка ідзе толькі аб прысутнасці. Акрэдытацыя назіральнікаў не спыняецца, - звярнула ўвагу кіраўнік ЦВК. - Проста на той момант, калі ўчастак для галасавання адкрываецца для арганізацыі галасавання, старшыня камісіі ажыццяўляе адбор па даце падачы дакументаў на акрэдытацыю і вызначае колькасны склад назіральнікаў. Калі хтосьці з назіральнікаў выбывае, старшыня камісіі павінен патэлефанаваць назіральніку, наступнаму па спісе, і запрасіць яго прыйсці на выбарчы ўчастак".
Яна нагадала, што Міністэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыі для прадухілення распаўсюджвання рэспіраторных інфекцый (у тым ліку COVID-19) пры правядзенні галасавання на выбарах Прэзідэнта. У ліку рэкамендацый - захаванне прынцыпу сацыяльнага дыстанцыявання пры расстаноўцы сталоў і крэслаў членаў участковай камісіі, месцаў для назіральнікаў, паміж выбаршчыкамі (адлегласць не менш за 1 м).
Змены не датычацца міжнародных назіральнікаў, давераных асоб кандыдатаў у Прэзідэнты, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў мясцовых Саветаў, якія могуць назіраць у адпаведнасці са сваім статусам, а таксама зарэгістраваных СМІ. Журналісты на ўчастках для галасавання прысутнічаць змогуць.
Паводле даных на 21 ліпеня, ЦВК акрэдытаваў 29 міжнародных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах - ад Выканаўчага камітэта СНД.
Як паведамлялася, Палата прадстаўнікоў прызначыла прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня. Паводле каляндарнага плана датэрміновае галасаванне на выбарах адбудзецца з 4 па 8 жніўня. Вынікі Цэнтрвыбаркам павінен падвесці не пазней 19 жніўня. Другі тур, калі ў ім будзе неабходнасць, па плане павінен прайсці не пазней чым у двухтыднёвы тэрмін, гэта значыць 23 жніўня.