Ці патрэбна даведка ў садок і школу да 1 верасня? Пра гэта нам распавялі ў Лепельскай ЦРБ
Медыцынная даведка да 1 верасня патрэбна толькі пры першым афармленні дзіцяці ў яслі, дзіцячы сад, школу, гімназію. Для тых дзяцей, якія працягваюць наведваць установы адукацыі, дадатковае афармленне даведкі аб стане здароўя не патрабуецца.
Такім чынам, дзеці могуць працягваць наведваць дзіцячы сад ці школу да таго часу, пакуль не скончыцца тэрмін дзеяння даведкі аб стане здароўя, якая маецца ва ўстанове адукацыі.
Таксама медыкі нагадалі, што афармляць медыцынскую даведку трэба ў месяц нараджэння дзіцяці. Тэрмін яе дзеяння традыцыйны – ад шасці месяцаў да аднаго года.
Пры першым афармленні дзіцяці ў яслі, дзіцячы сад, школу, гімназію трэба прынесці два асноўныя медыцынскія дакументы.
Па-першае, гэта медыцынская карта. Яна афармляецца на дзіця ў дзіцячай паліклініцы па месцы жыхарства. У залежнасці ад узросту і асаблівасцей здароўя дзіцяці прызначаць здаць аналізы і прайсці афтальмолага, неўролага, адаларынголага, хірурга, стаматолага, пры неабходнасці атрымаць кансультацыі больш вузкіх спецыялістаў. Дзяўчынкам трэба прайсці акушэра-гінеколага (звязана з ростам гінекалагічнай паталогіі ў раннім узросце), здаць аналіз на цукар у крыві. У 4 гады да гэтага спісу дадаецца лагапед.
Калі рэкамендавана аддаць дзіця ў санаторныя яслі-сад, санаторны дзіцячы сад, санаторную групу, неабходна аформіць на дзіця заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі.
Для наведвання малое спецыяльнай групы, групы інтэграванага навучання і выхавання, неабходна аформіць заключэнне дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Па-другое, патрэбна медыцынская даведка. Яна бярэцца за пяць дзён да афармлення ва ўстанову адукацыі. Афармляецца ў педыятра. Алгарытм атрымання даведкі наступны. Мамы з дзецьмі звяртаюцца да свайго ўчастковага педыятра. Ён аглядае малое і накіроўвае да вузкіх спецыялістаў. Медыцынскі работнік вымерае рост, вагу, праверыць вастрыню зроку і слыху, пры неабходнасці выпіша накіраванні на аналізы (часцей за ўсё агульны аналіз крыві і мачы).
Пры афармленні меддаведкі пры паступленні ва ўстанову дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ўлічваюцца вынікі медыцынскіх аглядаў, праведзеных урачамі-спецыялістамі, медыцынскіх умяшанняў, выкананых на працягу 12 месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу, у якім праводзіцца дыспансерызацыя.
Пасля праходжання медаглядаў і лабараторнага абследавання ўчастковы ўрач-педыятр запаўняе медыцынскую даведку аб стане здароўя.
На падставе даведкі аб стане здароўя медработнiкi дзіцячых садкоў і школ складаюць для дзіцяці індывідуальную “карту здароўя” з улікам усіх рэкамендацый медыкаў.