Нямала карыснага прынесла Лепельскаму раёну міжнародная турыстычная выстава ў маскоўскім цэнтры «Крокус-экспа». Як асобны турыстычны прадукт Лепельшчыну на ёй прадставіла Вольга Маханенка -- менеджэр беларускага боку міжнароднага праекта «Вада, прырода і людзі ў ландшафце, які знікае. Развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі». Восенню да нас прыедуць прадстаўнікі Асацыяцыі сельскага турызму ў Расіі, а ў пачатку наступнага года лепельчане плануюць адправіцца з адказам візітам. Для абмену досведам не супраць наведаць наш раён і рамеснікі Саюза майстроў Расіі. А калі лепельскія ўмельцы будуць гатовыя экспартаваць свае працы на расійскую тэрыторыю, ім дапаможа аддзяленне арганізацыі міжнародных турыстычных выстаў у Санкт-Пецярбургу. У супрацоўніцтве з Лепельшчынай зацікаўлены і мясцовыя туроператары, так плануецца распрацаваць туры Віцебск – Полацк з заездам у наш раён. Акрамя таго, цікавасць выклікала магчымасць правядзення тут карпаратываў, тураў выхаднога дня.

Кацярына АСОЎСКАЯ