Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 верасня падпісаў указ №326 "Аб удасканаленні ліцэнзавання", які накіраваны на ліквідацыю залішняга рэгулявання ў сферы ліцэнзавання і спрашчэнне патрабаванняў, што прад'яўляюцца да ліцэнзіятаў. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
У гэтых мэтах забараняецца прыпыненне і спыненне дзеяння ліцэнзіі за нязначныя парушэнні і фармальныя правіны. Указам замацоўваюцца і іншыя асноватворныя прынцыпы, на аснове якіх павінна ажыццяўляцца ліцэнзаванне. Да такіх прынцыпаў, у прыватнасці, аднесены вызначэнне вычарпальнага пераліку ліцэнзійных умоў з улікам іх разумнасці, прапарцыйнасці і эканамічнай абгрунтаванасці, максімальнае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій пры ўзаемадзеянні дзяржорганаў з ліцэнзіятамі.
З 1 кастрычніка 2019 года адмяняецца ліцэнзаванне асобных відаў дзейнасці. Так, прадугледжаны адмова ад ліцэнзавання дыягностыкі, прафілактыкі захворванняў і лячэння жывёл, аховы юрыдычнай асобай сваіх работнікаў і маёмасці, паталагічна-дыягнастычнай дыягностыкі, гандлю сродкамі супрацьпажарнай абароны, аптовага і рознічнага гандлю мазутам і нафтабітумам, захоўвання і прыёму ў заклад каштоўных металаў і камянёў, трансляцыі тэлевізійных праграм і эфірнай трансляцыі гукавых праграм.
Для развіцця экспарту медыцынскіх паслуг, павышэння даступнасці платных медыцынскіх паслуг істотна спрашчаюцца патрабаванні да ажыццяўлення гэтага віду дзейнасці, у тым ліку зніжаюцца патрабаванні да стажу медыцынскіх работнікаў, выключаецца неабходнасць наяўнасці ў штаце недзяржаўных арганізацый аховы здароўя ўрачоў толькі першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
Далейшае сістэмнае ўдасканаленне ліцэнзавання ў адпаведнасці з указам прапануецца рэалізаваць у рамках канцэптуальна новага дакумента - закона, які рэгулюе ўсе аспекты ліцэнзавання.