Інклюзіўны дзіцячы парк "Вясёлкавы свет" адкрыўся ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У святочнай цырымоніі адкрыцця важнага для ўсіх мясцовых жыхароў аб'екта прынялі ўдзел кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, жыхары раёна.

Гуманітарны сацыяльны праект рэалізаваны адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна горада па польскім гранце пры падтрымцы пасольства Польшчы. Мясцовыя ўлады ўзялі на сябе падрыхтоўку і добраўпарадкаванне пляцоўкі на востраве ў зоне адпачынку ракі Віцьба. За кошт фінансавай дапамогі было набыта інклюзіўнае гульнявое і спартыўнае абсталяванне: пясочніца, канатныя канструкцыі, арэлі-качалкі, развіваючыя снарады, арэлі, каруселі і інш.

"Для ўвасаблення праекта патрэбныя былі ўсяго тры складнікі: ініцыятыва, якую праявілі вучні і педагогі сярэдняй школы №5, падтрымка органаў улады і магчымасць, якую нам прадаставіла пасольства Польшчы", - адзначыў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Сяргей Сташэўскі. Ён выказаў вялікую ўдзячнасць польскім дыпламатам, дзякуючы якім у Віцебску з'явілася такая спартыўная пляцоўка - першая ў горадзе.

Сяргей Сташэўскі таксама адзначыў, што праца яшчэ не завершана. Вясной тут плануецца цалкам добраўпарадкаваць тэрыторыю, а ў далейшым пры падтрымцы польскага боку - папоўніць колькасць гульнявога абсталявання, бо плошча вострава дазваляе гэта зрабіць.

На важнасці падобных аб'ектаў завастрыў увагу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. "Людзі з абмежаванымі магчымасцямі ў пэўнай ступені з'яўляюцца закладнікамі свайго становішча. Вельмі важна стварыць умовы, каб яны адчувалі сябе камфортна, адчувалі сваю ўключанасць у грамадскае жыццё. Спадзяюся, дзеці, якія будуць праводзіць тут час, атрымаюць ад гэтага задавальненне і радасць. Гэта будзе азначаць, што наша галоўная мэта дасягнута", - адзначыў дыпламат.

Артур Міхальскі таксама распавёў, што польскі бок падтрымаў у Віцебску яшчэ адзін гуманітарны праект, звязаны з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы Віцебскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Плануецца, што ён будзе рэалізаваны да канца года. Раней, у верасні, па праграме развіцця МЗС Польшчы "Польская дапамога" ў Лідзе была адкрыта першая ў краіне інклюзіўная веладарожка працягласцю каля 10 км.