У Віцебску ў 2019 годзе плануюць працаўладкаваць каля 3,8 тыс. чалавек на новыя працоўныя месцы і наяўныя вакансіі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама Марына Будкевіч.

"Цяпер рынак працы ў горадзе характарызуецца скарачэннем колькасці афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных і ростам вакансій ад наймальнікаў. Калі на пачатак 2016 года на адну вакансію прэтэндавала шэсць беспрацоўных, то на 1 студзеня гэтага года прыпадае тры вакансіі на аднаго чалавека. Узровень беспрацоўя склаў 0,4%, - расказала Марына Будкевіч. - На новыя працоўныя месцы і наяўныя вакансіі ў 2019 годзе збіраемся працаўладкаваць каля 3,8 тыс. чалавек. Разлічваем таксама дасягнуць паказчыка ўдзельнай вагі працаўладкаваных у 67% ад усіх, хто мае патрэбу, хто зарэгістраваны ў службе занятасці".

Спецыяліст адзначыла, што на 1 сакавіка на ўліку ў гарадской службе занятасці стаяла амаль 700 беспрацоўных пры 2414 вакансіях. Каля 80% з прапаноў - рабочыя спецыяльнасці. Сярод наймальнікаў горада застаюцца запатрабаванымі будаўнічыя прафесіі, швачкі, медсёстры, урачы, слесары розных напрамкаў, кіроўцы (з пачаткам сезона сельскагаспадарчых работ асабліва патрэбныя трактарысты), электрагазазваршчыкі.

У 2018 годзе ў Віцебску працаўладкавана на зноў створаныя працоўныя месцы 2,8 тыс. чалавек. Найбольшую актыўнасць праявілі замежнае ўнітарнае прадпрыемства "БелВілесдэн" (створана 226 месцаў), ТАА "Мадэрн­Экспа" (175), УП "ШармПрэм'ер" (132) і УП "Віцебскі футравы камбінат" (52). Летась жыхарам абласнога цэнтра выдалі 42 дзяржаўныя субсідыі на арганізацыю ўласнай справы.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)