Гаспадары аграсядзібы пад Новалукомлем Чашніцкага раёна сёлета сабралі багаты ўраджай персікаў. Пра тое, як прыжылася экзатычная культура на поўначы Беларусі, расказалі ў сюжэце тэлеканала АНТ.
Цеплічныя, амаль трапічныя, умовы пад дахам дазваляюць персікавым дрэвам вытрымліваць непрывычныя для культуры маразы. Плады невялікія, па памеры, як зліва, на смак салодкія.
Турысты, якіх гаспадары актыўна частуюць смачным ураджаем і нават даюць магчымасць паўдзельнічаць у зборы ўраджаю, у захапленні і актыўна дзеляцца фотаздымкамі ў сацсетках.
Персікі адкрываюць вялікую ўборачную кампанію экзатычных пладоў, якая ў сядзібнай цяпліцы доўжыцца амаль паўгода. Следам ідуць мандарыны, інжыр і цытрыны, ну а да новага года саспеюць і бананы. Наступны запланаваны эксперымент садаводаў-аматараў - вырошчванне ананасаў.
Цеплалюбівыя расліны ўжо не рэдкасць нават на прысядзібных участках Віцебскай вобласці. На навуковай аснове таксама праводзяцца эксперыменты з бахчавымі: кавуны, як высветлілася, растуць лепш, чым дыні.