Значным падарункам гораду на Дзвіне, да свята працаўнікоў вёскі стаў паветраапорны футбольны манеж на базе АСК ФК «Віцебск».
Напампоўны шацёр з'явіўся побач з цэнтральным спартыўным комплексам. Пад купалам размешчана поўнапамернае футбольнае поле з штучным пакрыццём. Унутры праведзена электрычнасць і газазабеспячэнне, што дазваляе тут трэніравацца ў халодную пару года, калі надвор'е не дазваляе займацца на вуліцы.
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, які прыняў удзел у адкрыцці манежа, адзначыў, што ў іншых гарадах падобныя канструкцыі будаваліся асобна, у Віцебску ж прынялі рашэнне размясціць яе на базе спорткомплекса, і праз галерэю, не выходзячы на вуліцу, можна трапіць у асноўны будынак АСК, дзе знаходзяцца трэнажорная зала, кафэ, гасцініца, раздзявалкі.
– Дадзены аб'ект – доказ таго, што мы пастаянна павінны рухацца наперад і ствараць новыя ўмовы для развіцця ва ўсіх сферах, – падкрэсліў кіраўнік вобласці і дадаў, што ў Віцебску плануецца пабудаваць яшчэ іншыя спартыўныя аб'екты, каб будучыя чэмпіёны мелі магчымасць праяўляць свае здольнасці.
Штучнае пакрыццё поля ўкладвалі спецыялісты з Мінска, а сам купал узводзілі прадстаўнікі Славеніі. У асноўным манеж плануецца выкарыстоўваць для трэніровак. Акрамя асноўнай каманды, дублёраў і ДЮСШ ФК «Віцебск», тут будуць удасканальваць майстэрства выхаванцы футбольнай акадэміі, якая адкрылася ў мінулым годзе.
-- У Віцебскай вобласці футбол развіваецца добрымі тэмпамі. ФК «Віцебск» у мінулым годзе выступаў у Лізе Еўропы УЕФА, на стадыёне праходзіў фінал Кубка Беларусі. У складзе нацыянальнай зборнай гуляюць тры выхаванцы віцебскага футбола. Новы манеж дазволіць рыхтаваць ігракоў высокага ўзроўню, галоўная каманда зможа праводзіць зімовыя зборы тут, а не выязджаць у паўднёвыя краіны і марнаваць валюту. У планах федэрацыі пабудаваць два поўнапамерных поля з штучным пакрыццём у СДЮШАР «камсамолец» і ДЮСШ ФК «Віцебск». Акрамя таго, хутка з'явяцца новыя палі ў Оршы і Полацку, – адзначыў першы намеснік старшыні асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Юрый Вергейчык, які прыехаў на цырымоніі адкрыцця спартыўнага збудавання з падарункамі – футбольнымі мячамі.