У раённай бібліятэцы адбылася лекцыя на тэму «Праваслаўнае дойлідства» ў межах праекта «Свет мастацтва» для вучняў СШ №1. Мерапрыемства было прысвечана Дню праваслаўнай кнігі.
У бібліятэцы працуе трэцяя ў Віцебскай вобласці кафедра праваслаўнай літаратуры, а таксама адкрыта выстава-прагляд «Праваслаўная кніга — шлях да духоўнасці». Гэтая выстава складаецца з трох аддзелаў: у першым утрымліваюцца праваслаўныя кнігі, у другім — «Асновы праваслаўя» — можна знайсці літаратуру для школьнікаў, якія імкнуцца да вывучэння і разумення рэлігіі.
У аддзеле «Святыні праваслаўя» прадстаўлены кнігі пра святых, часопісы «Праваслаўныя манастыры. Падарожжа па святых мясцінах».
Дзецям расказалі пра будову храмаў, іх сімволіку і значэнне розных дэталей.
Храм — гэта цэнтр духоўнага жыцця. Кожная царква мае сваю ўласную назву, у залежнасці ад святочнай падзеі ці асобы, у памяць пра якую яна асвечана. Праваслаўны храм па сваім знешнім выглядзе адрозніваецца ад іншых будынкаў. У аснове ён уладкоўваецца ў выглядзе крыжа, круга ці васьмікутніка. Таксама часта храм мае форму прадаўгаватага карабля. Гэта азначае, што царква, як Ноеў Каўчэг, вядзе людзей па моры жыцця да ціхай прыстані — царства нябеснага.
Будынак храма звычайна завяршаецца зверху купалам, які выяўляе сабой неба. Колькасць купалоў на храме заўсёды сімвалічная: адзін купал сімвалізуе адзінага Бога, два — два естествы богачалавека Ісуса Хрыста, дзве сферы тварэння (анёльскую і чалавечую). Тры купалы абазначаюць Святую Тройцу, чатыры — чатыры евангелісты, чатыры бакі свету. Пяць купалоў узводзіцца ў гонар Ісуса Хрыста і чатырох евангелістаў. Сем купалоў сімвалізуюць сем таінстваў царквы, дзевяць — колькасць анёльскіх чыноў, трынаццаць — Ісуса Хрыста і дванаццаць апосталаў, трыццаць тры — колькасць гадоў зямнога жыцця Хрыста.
Колер таксама важны ў сімволіцы храма. Золата — сімвал нябеснай славы. Залатыя купалы бываюць у галоўных храмаў і храмаў, прысвечаных Хрысту і двунадзесятым святам. Сінія купалы з зоркамі вянчаюць храмы, у гонар Багародзіцы, зялёныя — Святой Тройцы, паколькі гэта колер Святога Духа. Колер манаства — чорны, таму манастыры маюць купалы менавіта такога колеру. А незвычайная форма і яркая афарбоўка сведчыць пра прыгажосць Нябеснага Іерусаліма.
Настаяцель храма Перамянення Гасподняга протаіерэй Сергій Лешкевіч расказаў школьнікам пра іконы, іх значэнне і пра тое, як яны пішуцца, а таксама падарыў бібліятэцы трынаццаць кніг.