Заморы – гэта масавая гібель рыбы ў выніку змяншэння растворанага ў вадзе кіслароду.
Першыя прыкметы зімовых замораў рыбы – гэта з'яўленне ў лунках і прарухах маладосці рыбы, іншых арганізмаў. Вада ў гэты перыяд становіцца мутнай і набывае непрыемны пах. Аматары-рыбаловы, якія ў гэты перыяд бываюць на вадаёмах, могуць дапамагчы рыбе, якая гіне: некалькі вырубленых лунак – гэта дадатковая колькасць кіслароду ў вадзе.
Лепельская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя звяртае ўвагу, у сувязі з сезоннымі ўмовамі надвор'я і магчымым паніжэннем тэмпературы да мінус 15 і ніжэй, пры наяўнасці трывалага лядовага покрыва на вадаёмах і вадатоках, якое абмяжоўвае паступленне атмасфернага кіслароду да вады ў некаторых рыбалоўных угоддзях, асабліва глухіх і бясстокавых вадаёмах, грунты якіх высланы сапрапелем або іншымі арганічнымі рэшткамі, могуць назірацца перадзаморныя і заморныя з'явы.
У мэтах прадухілення заморных з'яў, Лепельскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама арандатарамі і карыстальнікамі рыбалоўных угоддзяў вядзецца актыўная праца па прыняцці мер для папярэджання зімовых замораў рыбы.
Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі для папярэджання заморных з'яў у зімовы час рэкамендавана:
1. Унясенне вапны ў вадаёмы, схільныя да заморных з'яў. Вапнаванне спрыяе раскладанню і паскарэнню мінералізацыі арганічнага рэчыва, а таксама паляпшэнню газавага рэжыму, нейтралізуе кіслую рэакцыю вады. Негашаную вапну ўносяць у вадаём з разліку 1-2 ц/га. Пры выкарыстанні гашанай вапны або молатага вапняку нормы ўнясення павялічваюцца, адпаведна, у 1,3 і 1,8 раза.
2. Выраб прарухаў на вадаёмах, схільных да заморных з'яў. Колькасць прарухаў залежыць ад плошчы вадаёма і ў сярэднім складае 3-5 шт./га. Прарухі варта размяшчаць у цэнтры вадаёма і па яго перыметры, дзе глыбіня незамярзальнага слоя складае 50 – 60 см. Для прадухілення замярзання прарухаў неабходна ў іх усталяваць снапы, вырабленыя з трыснягу, рагозу і іншых поласных «дыхаючых» раслін.
3. Падвешванне мяшкоў з соллю ў такіх прарухах з разліку 5 кг/мяшок. У якасці солі можа быць рэкамендавана тэхнічная соль, якая выкарыстоўваецца для ачысткі катлоў у кацельнях.