Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 мая правёў сустрэчу са старшынёй Цэнтральнага банка Расіі Эльвірай Набіулінай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Нават нашы ворагі прызнаюць, што Эльвіра Набіуліна вельмі хутка разабралася з пытаннямі эканомікі ў Расіі і валютнымі праблемамі, асабліва ва ўмовах санкцый. Гэта я амаль працытаваў нашых ворагаў. Таму я б прасіў вас таксама спыніцца на пытанні - шмат пра гэта гавораць - лічбавага рубля. Што гэта такое, як будзем рухацца ў гэтым напрамку. Але самае галоўнае для мяне - гэта ўсё ж такі рэзервовая валюта", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер адбываецца дэдаларызацыя міжнароднай эканомікі. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся меркаваннем кіраўніка Цэнтрбанка, наколькі глыбока зайшоў гэты працэс. "Натуральна, што з'явяцца новыя рэзервовыя валюты. Я ўвесь час сваіх калег падштурхоўваю, што трэба бегчы, бегчы, бегчы зараз, каб не адстаць. Вось тут можна бегчы ці ўсё ж такі гэта доўгі працэс?" - удакладніў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў Эльвіры Набіулінай разгледзець шэраг іншых пытанняў, якія раней ужо абмяркоўваліся паміж бакамі. "Я з задавальненнем паслухаў бы вас па тых праблемах, якімі жывуць сёння цэнтрбанкі і Беларусі, і Расіі. І калі ёсць нейкія пытанні, вы скажыце, мы будзем працаваць над гэтымі пытаннямі, каб іх зняць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Мы ж па валютным саюзе (размова аб Міжбанкаўскім валютным савеце Нацыянальнага банка Беларусі і Цэнтральнага банка Расіі. - Заўвага. БЕЛТА) два разы на год сустракаемся. Не толькі ў Мінску, мы сустракаемся ў розных месцах. Абмяркоўваем усе пытанні, тое, пра што вы сказалі", - адзначыла Эльвіра Набіуліна.
Кіраўнік Цэнтрбанка прыбыла ў Беларусь напярэдадні. Паводле яе слоў, яна была ўражана прыродай і дагледжанасцю краіны. "Учора проста прыехала крыху раней. І мы праехаліся - вядома, узрушаюча. Паглядзелі на палі - гэта захапленне, - падзялілася Эльвіра Набіуліна сваімі ўражаннямі. - Вельмі дагледжана ўсё, вельмі прыгожа. Усё засеяна, усё працуе. Вядома, узрушаюча".
"Падобна на вашу радзіму (Эльвіра Набіуліна родам з Уфы, сталіцы Башкартастана. - Заўвага. БЕЛТА). Я заўсёды кажу: лячу на самалёце, падлятаю да вас - адзін у адзін. Адзін у адзін прырода", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.