Яшчэ не пачалося цэнтралізаванае тэсціраванне, а вучань 11 «Б» СШ №1 Мікіта Павец ведае: ён атрымае 100 балаў па фізіцы! І гэта не простая юнацкая самаўпэўненасць: Мікіта -- абсалютны пераможца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі...

Яшчэ не пачалося цэнтралізаванае тэсціраванне, а вучань 11 «Б» СШ №1 Мікіта Павец ведае: ён атрымае 100 балаў па фізіцы! І гэта не простая юнацкая самаўпэўненасць: Мікіта -- абсалютны пераможца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі... Іншы прадмет, іншая вучаніца -- і зноў перамога! Гімназістка Аляксандра Галіновіч заняла другое месца і стала дыпламанткай першай ступені па нямецкай мове. Да абітурыенцкіх хваляванняў ёй, дзевяцікласніцы, яшчэ далёка, аднак, як і Мікіту, гэтая перамога дала Аляксандры «зялёнае святло» на заключны этап рэспубліканскай алімпіяды. У канцы сакавіка нашы хлопцы будуць абараняць там не толькі гонар раёна, але і вобласці.
Ад тэарэтычных задач, пры рашэнні якіх спатрэбіліся веды па вышэйшай матэматыцы, да нямой карты зорнага неба – успомніць аматару астраноміі Мікіту Паўцу трэба было нямала. 129 балаў – і першае месца. Дарэчы, у дзясятым класе Мікіту не хапіла аднаго месца да Дыплома трэцяй ступені. Яшчэ адзін год – і перамога. І калі да абласнога этапу Мікіту рыхтавала толькі яго настаўніца фізікі і астраноміі Аксана Хорленок, то да рэспубліканскага – прафесары ВДУ ім. П. М. Машэрава. Тыдзень хлопцы вырашалі задачы па вышэйшай матэматыцы, наведвалі абсерваторыю.
Як засвоіў веды, Мікіта пакажа ў Магілёве, дзе збяруцца лепшыя астраномы-школьнікі. Праўда, зоркі наўрад ці стануць справай усяго яго жыцця. У марах у яго – адкрыць свой бізнес і займацца камп'ютарнымі тэхналогіямі. А пакуль зоркі будуць дапамагаць хлопцу ў паступленні на факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання БДУІР…

***