28 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ААТ "Купцоўъ" (Глыбоцкі раён, Віцебская вобл.) у бягучым годзе асвоіла выпуск і папоўніла лінейку прадукцыі 24 відамі пладаагароднінных кансерваў і сокаў. Асартыментны пералік абноўлены больш чым напалову, расказала карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Людміла Навумава. Сярод новай прадукцыі ёсць як экзатычная накшталт алівак кансерваваных, так і прадукцыя, вырабленая з мясцовай сыравіны - маркоўны нектар з мякаццю, цукіні па-каралеўску з часнаком, працёртыя з цукрам яблыкі з журавінамі, салаты і закускі з агародніны. У распрацоўцы ў тэхнолагаў прадпрыемства знаходзяцца яшчэ некалькі новых найменняў, у тым ліку кетчупы з дадаткам перцаў, зеляніны, агуркоў, а таксама агароднінныя салаты і закускі. У цэлым за 9 месяцаў 2011 года выраблена 1426,5 туб новых відаў прадукцыі на агульную суму Br3,6 млрд. Значнае абнаўленне асартыменту дазволіла прадпрыемству павялічыць рэалізацыю прадукцыі, падкрэсліла дырэктар. Выручка ад рэалізацыі за 9 месяцаў дасягнула Br22,6 млрд., у той час як за аналагічны перыяд мінулага года яна крыху перавышала Вr8 млрд. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склалася на ўзроўні 8,4%, у студзені-веражні 2010 года яна была мінус 13,6%. Кансервы і сокі ААТ "Купцоўъ" экспартуюцца ў Расійскую Федэрацыю і Туркменістан. Станоўчае сальда знешняга гандлю за 9 месяцаў склала $231 тыс. Павелічэнне продажаў адбілася на сярэднямесячнай заработнай плаце работнікаў: яна склала Вr1,6 млн., у той час як у мінулым годзе была Вr783,7 тыс. Як адзначыла Людміла Навумава, попыт на прадукцыю ААТ "Купцоўъ" абумоўлены як якасцю, так і цаной. Для змяншэння выдаткаў прадпрыемства само займаецца вырошчваннем агародніны. У бягучым годзе на 795 га арэндаваных плошчаў сабраны ўраджаі гароху, цукіні, маркоў, буракоў, бульбы.