ААТ "Нафтан" да канца года ўвядзе ў строй 5 аб'ектаў па праграме мадэрнізацыі
30.8.20110 праглядаў
30 жніўня, Наваполацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ААТ "Нафтан" плануе да канца бягучага года завяршыць будаўніцтва і ўвесці ў эксплуатацыю 5 аб'ектаў, уключаных у праграму рэканструкцыі і мадэрнізацыі "Нафтан 2010-2015", паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Треццякоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У лік аб'ектаў, што ўводзяцца ў эксплуатацыю, увайшлі праекты па будаўніцтве вакуумнага блока ўстаноўкі "Висбрекинг", устаноўкі нізкатэмпературнай ізамерызацыі "Пенекс", рэканструкцыі вузла абаротнага водазабеспячэння №1, будаўніцтве парка захоўвання і эстакады наліву звадкаваных газаў, рэканструкцыі сістэмы вяртання факельных газаў. У выніку ўводу ў строй новых аб'ектаў будуць забяспечаны выпуск высокаактанавых кампанентаў бензінаў для паляпшэння якасці выпускаемай прадукцыі, паглыбленне перапрацоўкі нафты. Пры ўводзе ў эксплуатацыю запланаваных інвестыцыйных аб'ектаў глыбіня перапрацоўкі нафты да канца 2011 года павінна дасягнуць 77,2%.
У ААТ "Нафтан" распрацавана і рэалізуецца доўгатэрміновая праграма рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчасцей, якая ажыццяўляецца за кошт уласных сродкаў і крэдытаў банкаў. У цяперашні час ААТ знаходзіцца на этапе рэалізацыі праграмы рэканструкцыі і мадэрнізацыі "Нафтан 2010-2015", якая распрацавана на аснове найноўшых дасягненняў у галіне нафтаперапрацоўкі і з улікам хутказменлівых патрабаванняў рынкаў збыту ў мэтах павышэння эфектыўнасці працы і выхаду прадпрыемства на ўзровень перадавых еўрапейскіх прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты, растлумачыў Уладзімір Треццякоў.
У стадыі рэалізацыі знаходзяцца 22 буйных інвестыцыйных праекта. Пачаты работы па будаўніцтве ўстаноўкі запаволенага каксавання, мэта праекта - павелічэнне глыбіні перапрацоўкі нафты да 92%-94% і выпуск дадатковых аб'ёмаў светлых нафтапрадуктаў. Агульны кошт праектаў праграмы складае каля $1,4 млрд.
Рэалізацыя "Праграмы 2010-2015" дазволіць ААТ "Нафтан" павялічыць перапрацоўку нафты да 12,0 млн.т у год, наросціць выпрацоўку высокаактанавых аўтабензінаў, дызельнага паліва, вакуумнага газайлю, упершыню ў Беларусі пачаць вытворчасць новага прадукту - нафтавага коксу, знізіць удзельныя энергазатраты на вытворчасць прадукцыі і забяспечыць адпаведнасць якасці прадукцыі патрабаванням еўрапейскіх стандартаў. Пры вытворчасці аўтабензінаў будзе ажыццёўлены пераход на выпуск толькі высокаактанавых сартоў у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту. Будзе спынены выпуск дызельнага паліва з утрыманнем серы больш за 10 ppm, што забяспечыць яго адпаведнасць патрабаванням Еўра-5.
ААТ "Нафтан" з'яўляецца прадпрыемствам паліўна-алейна-араматычнага профілю і выпускае каля 70 найменняў сертыфікаванай таварнай прадукцыі, у тым ліку аўтамабільныя бензіны "Нармаль-80", АІ-92 і АІ-95, дызельныя палівы, паліва для рэактыўных рухавікоў, кацельныя палівы, мазуты, змазачныя масла, нафтавыя бітумы і растваральнікі, індывідуальныя араматычныя вуглевадароды. Увесь аб'ём дызельнага паліва вырабляецца ў адпаведнасці са стандартамі Еўра-4 і Еўра-5. Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе. У 2002 годзе прадпрыемства было акцыянавана, у 2008 годзе таварыства рэарганізавана шляхам далучэння буйнога хімічнага прадпрыемства - ААТ "Палімір".-0-
БЕЛТА