Міністэрства па падатках і зборах звяртае ўвагу, што ў адпаведнасці з патрабаваннямі абзаца чацвёртага пункта 17 і абзаца пятага пункта 25 Палажэння аб выкарыстанні касавага і іншага абсталявання пры прыёме сродкаў плацяжу, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 06.07.2011 № 924/16 (у рэдакцыі, якая ўступае ў сілу з 01.07.2025, далей – Палажэнне № 924/16) з 1 ліпеня 2025 г. не дапускаецца выкарыстанне касавага абсталявання, якое не адпавядае патрабаванням, устаноўленым пастановай Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь ад 14.10.2022 № 29/99 "Аб патрабаваннях да касавых сумуючых апаратаў, у тым ліку сумяшчаных з таксометрамі, білетадрукавальных машын" або пастановай Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь ад 29.03.2018 № 10 "Аб патрабаваннях да праграмнай касавай сістэмы, праграмнай касы, аператара праграмнай касавай сістэмы і аб рабоце камісіі па ацэнцы на адпаведнасць прад'яўленым патрабаванням" (у рэдакцыі, якая ўступае ў сілу з 01.07.2025).

Суб'екты гаспадарання, якія будуць працягваць пасля 1 ліпеня 2025 г. выкарыстоўваць касавае абсталяванне, якое не адпавядае новым патрабаванням, падлягаюць прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці, прадугледжанай часткай першай артыкула 13.15 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая прадугледжвае накладанне штрафу да пяцідзесяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да ста базавых велічынь (4200 рублёў), а на юрыдычную асобу – да двухсот базавых велічынь (8400 рублёў).

Улічваючы выкладзенае, звяртаем увагу, што памер магчымага штрафу не супастаўны з коштам абнаўлення або набыцця новага касавага абсталявання, у сувязі з чым прапануем суб'ектам гаспадарання, якія не ажыццявілі мерапрыемствы па абнаўленні (замене) касавага абсталявання, неадкладна прыняць меры па выкананні патрабаванняў Палажэння № 924/16 і ў магчыма кароткія тэрміны набыць (замяніць) сваё касавае абсталяванне.

Даведачна. На 26.05.2025 у Рэспубліцы Беларусь дапушчаны да выкарыстання 76 мадэлей (мадзіфікацый) касавага абсталявання, якое адпавядае новым патрабаванням, у тым ліку: 46 мадэлей касавых сумуючых апаратаў, 30 з якіх падтрымліваюць рэалізацыю маркіраваных тавараў; 30 мадэлей праграмных касаў, 29 з якіх падтрымліваюць рэалізацыю маркіраваных тавараў.

Актуальная інфармацыя аб дапрацоўцы і кошце касавага абсталявання размешчана на афіцыйным сайце МПЗ па спасылцы https://nalog.gov.by/tax_control/payment_control/documents/.

Дадаткова паведамляем, што паколькі з 1 ліпеня 2025 г. выкарыстанне касавага абсталявання, якое не адпавядае новым патрабаванням, знаходзіцца па-за прававым полем, Міністэрствам па падатках і зборах можа быць разгледжана пытанне аб аддаленай блакіроўцы такога касавага абсталявання і яго адключэнні ад сістэмы кантролю касавага абсталявання пасля наступлення ўказанай даты.

Улічваючы, што на 26 мая 2025 г. ужо ўстанавілі і выкарыстоўваюць касавае абсталяванне 94,6 тысяч суб'ектаў гаспадарання, тэрміны па пераходзе на касавае абсталяванне, якое адпавядае новым патрабаванням, пераносіцца не будуць!