Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай сустрэчы са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Субоціным абмеркаваў ход уборачнай кампаніі, работу інтэграцыйных структур у АПК і вытворчасць айчынных вакцын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адной з галоўных тэм сустрэчы стаў ход сельскагаспадарчых работ у рэгіёне: уборачная кампанія, нарыхтоўка кармоў, сяўба азімага рапсу. "Так склалася, што ты павінен першым убраць і першым пасеяць, хоць апошнім вясной сееш. Таму табе трэба хутка пасеяць: усё ж такі Віцебская вобласць - зона рызыкоўнага земляробства. Для гэтага трэба аператыўна вызваляць палі пасля ўборкі і рыхтаваць іх да сяўбы. Як тут справы?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
Другое важнае пытанне - работа інтэграцыйных аграпрамысловых структур. Гэту тэму Прэзідэнт трымае на пастаянным кантролі. "Усё ж такі Віцебскую мы ў свой час ўстрэслі з табой. Нібыта і людзі зразумелі - малайцы віцябляне. Проста трэба расшавеліць людзей і не крыўдзіць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Яшчэ адна тэма - фармацэўтыка, біятэхналогіі, нанатэхналогіі. Так склалася, што мы замахнуліся на нашы вакцыны. Як у нас справы з развіццём нашага галоўнага прадпрыемства - "БелВітуніфарм"?" - спытаў Прэзідэнт.
Па словах губернатара, уборачная ў Віцебскай вобласці ідзе актыўна, многія гаспадаркі яе ўжо завяршылі, а дзесьці нават адсвяткавалі мясцовыя "Дажынкі". "Зараз знаходзімся на стадыі перакідання тэхнікі, каб максімальна дарэзаць тыя палі ў гаспадарках, якія не спраўляюцца. Прынята рашэнне на ўзроўні вобласці, і мы гэта зараз актыўна кантралюем", - дадаў старшыня Віцебскага аблвыканкама.
Аляксандр Субоцін прыйшоў у Палац Незалежнасці не з пустымі рукамі: губернатар прынёс Прэзідэнту каравай у гонар намалоту мільёна тон збожжавых. Пры гэтым у рэгіёне ўбрана крыху больш за 89% плошчаў. Па яго словах, такі ўраджай у Віцебскай вобласці збіралі толькі ў 1976 і 2014 гадах.
Крыніца: belta.by