Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 красавіка падпісаў указ №135 "Аб абавязковай экспертызе тэхнічных нарматыўных прававых актаў". Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 красавіка падпісаў указ №135 "Аб абавязковай экспертызе тэхнічных нарматыўных прававых актаў". Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакумент накіраваны на практычную рэалізацыю палажэнняў дэкрэта №7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва". Указ закліканы выключыць празмернасць тэхнічных патрабаванняў да прадпрымальніцкай і іншай эканамічнай дзейнасці і стварыць належныя ўмовы для працы бізнесу шляхам увядзення інстытута юрыдычнай экспертызы тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

Згодна з указам усе прынятыя тэхнічныя акты, якія з'яўляюцца абавязковымі для выканання суб'ектамі гаспадарання, а таксама абавязковасць якіх яшчэ толькі плануецца ўстанавіць, цяпер падлягаюць юрыдычнай экспертызе. Яе будзе праводзіць незалежная структура - Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.

Дакументам выразна і паслядоўна вызначаны ключавыя элементы гэтай экспертызы: прадмет і тэрміны яе правядзення, крытэрыі ацэнкі прадстаўленага на экспертызу тэхнічнага акта, рашэнні, якія прымаюцца ў дачыненні да яго па выніках экспертызы, і іншыя.

Пры гэтым толькі тэхнічныя акты, якія атрымалі па выніках экспертызы станоўчае заключэнне, будуць уключацца ў Нацыянальны рэестр прававых актаў і афіцыйна апублікоўвацца. Астатнія дакументы не будуць уступаць у дзеянне і павінны быць адменены ведамствамі і службовымі асобамі, якія іх прынялі.

Такі падыход дазволіць павысіць якасць падрыхтоўкі тэхнічных дакументаў і не дапусціць выпадкаў замацавання ў іх празмерных і эканамічна неабгрунтаваных патрабаванняў да бізнесу.

Таксама указам удасканальваецца парадак фарміравання і вядзення Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала, іншых дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)