18 красавіка, Глыбокае /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Абавязковае суправаджэнне ў начны час бацькамі ці апекунамі дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў будзе замацавана ў беларускім заканадаўстве, паведаміў сёння на сустрэчы з працоўным калектывам адкрытага акцыянернага таварыства "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат" старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што на перадапошняй сесіі гэтага склікання прадугледжваецца прыняць шэраг законапраектаў, якія запатрабавалі ад дэпутатаў напружанай працы і вывучэння грамадскай думкі. Сярод такіх законапраектаў ён назваў прыняцце ў другім чытанні паправак у закон аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці. Папраўкі прадугледжваюць увядзенне абмежавання на знаходжанне дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў у перыяд з 23 гадзін да 6 гадзін на вуліцы без суправаджэння бацькоў ці апекуноў. Калі дзіця знаходзіцца адно, то праваахоўныя органы абавязаны будуць на працягу трох гадзін даставіць яго бацькам, калі такой магчымасці няма, то яго часова вызначаць у сацыяльны прытулак. "Гэтыя папраўкі накіраваны, перш за ўсё, на забеспячэнне бяспекі дзяцей", - падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. Для бацькоў, чые дзеці засталіся ў начны час без нагляду, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.-0-

БЕЛТА