6 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па папярэдніх даных, аб'ём золатавалютных рэзерваў Беларусі на 1 студзеня 2012 года дасягнуў гістарычнага максімуму і склаў у вызначэнні МВФ $7915,9 млн., у нацыянальным вызначэнні - $9387,2 млн. у эквіваленце. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі.
Такім чынам, за 2011 год рэзервы ў міжнародным вызначэнні павялічыліся на $2885,2 млн., або больш чым на 57%. У выніку паказчык міжнародных рэзервовых актываў значна перавысіў прагнозныя значэнне: у адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год аб'ём рэзерваў на 1 студзеня 2012 года павінен быў скласціся на ўзроўні $6230,7 млн.
Як адзначылі ў Нацбанку, у снежні павелічэнню золатавалютных рэзерваў спрыяла паступленне другога транша крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у суме $440 млн., а таксама залічэнне ў склад рэзерваў часткі сіндыцыраванага крэдыту Сбербанка Расійскай Федэрацыі і Еўразійскага банка развіцця, выдадзенага ААТ "Беларуськалій". "Пры гэтым урадам і Нацыянальным банкам Беларусі ў поўным аб'ёме былі выкананы знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце", - падкрэслілі ў Нацбанку.
У цяперашні час золатавалютныя рэзервы пакрываюць амаль двухмесячны імпарт. "Падтрыманне рэзерваў на ўзроўні, які забяспечвае эканамічную бяспеку Беларусі, а таксама забеспячэнне своечасовага пагашэння ў поўным аб'ёме знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце з'яўляюцца прыярытэтнымі задачамі ўрада і Нацыянальнага банка", - адзначылі ў галоўным банку краіны.-0-
БЕЛТА
Аб'ём золатавалютных рэзерваў Беларусі дасягнуў гістарычнага максімуму
6.1.20120 праглядаў