12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абвешчаны конкурс "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь". Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржстандарта.
Гэты конкурс праводзіцца ўжо 12 гадоў. За гэты час яго пераможцамі сталі 1825 арганізацый з усіх рэгіёнаў рэспублікі. Іх тавары прызнаны ў конкурсе лепшымі ў Беларусі.
Мэта конкурсу – інфармаваць насельніцтва і арганізацыі аб якасных айчынных таварах у інтарэсах іх прасоўвання на ўнутраны і знешні рынкі, падтрымліваць беларускіх вытворцаў, якія выпускаюць канкурэнтаздольныя тавары. Таксама гэта садзейнічае забеспячэнню спажывецкага рынку рэспублікі высока-якаснымі і канкурэнтаздольнымі айчыннымі таварамі. Пры гэтым выяўляюцца новыя, больш дасканалыя віды прадукцыі.
Удзельнічаць у ім могуць юрыдычныя асобы незалежна ад форм уласнасці і індывідуальныя прадпрымальнікі, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку ў Беларусі. Вылучэнне прадукцыі праводзіцца па наступных намінацыях: харчовыя тавары; прамысловыя тавары для насельніцтва і вырабы народных промыслаў; прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння; паслугі насельніцтву.
У межах конкурсу для стымулявання выпуску новых відаў прадукцыі, паляпшэння яе характарыстык і ўласцівасцей, прымянення сучасных тэхналогій і матэрыялаў заснаваны статус "Навінка года". Тавары для яго прысуджэння вызначаюцца рэспубліканскай конкурснай камісіяй з ліку лаўрэатаў у кожнай намінацыі.
Конкурс праводзіцца ў два этапы. На першым этапе вызначаюцца тавары-фіналісты абласнымі конкурснымі камісіямі, на другім – рэспубліканскай конкурснай камісіяй прымаецца рашэнне аб выбары лаўрэата конкурсу і прысуджэнні статусу "Навінка года".
Звесткі аб таварах-лаўрэатах і іх вытворцах размяшчаюцца на сайце Дзяржстандарта і ў штогадовым ілюстраваным каталогу "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь", які рассылаецца ў прадстаўніцтвы нашай краіны за мяжой. Арганізацыі, тавары якіх прызнаны лепшымі, узнагароджваюцца дыпломам і атрымліваюць права размяшчэння знака (лагатыпа) конкурсу на таварах і іх пакаванні, а таксама выкарыстання яго ў дакументацыі і рэкламных матэрыялах.
Заяўкі на ўдзел прадстаўляюцца да 1 верасня 2013 года ў сакратарыяты абласных конкурсных камісій, сфармаваныя ў абласных цэнтрах стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі і РУП "Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі".-0-