3 красавіка, Мінск /Таццяна Грыгоравіч - БЕЛТА/. Абвешчаны конкурс лепшых тавараў Беларусі на рынку Расіі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
Конкурс "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі" праводзіцца ў межах Саюзнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, Праграмы "100 лепшых тавараў Расіі" з 2001 года. За гэты час яго лаўрэатамі прызнана прадукцыя больш чым 700 беларускіх вытворцаў.
Мэта конкурсу - павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі, экспартных магчымасцей айчынных вытворцаў, стварэнне іх высокай рэпутацыі на расійскім рынку. Удзельнічаць у конкурсе могуць юрыдычныя асобы незалежна ад форм уласнасці і індывідуальныя прадпрымальнікі, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку ў Рэспубліцы Беларусь. Тавары, што вылучаюцца на конкурс, прымаюцца да разгляду пры ўмове іх пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю на працягу не менш як аднаго года.
Як адзначылі ў прэс-службе, на конкурс могуць вылучацца тавары па наступных намінацыях: харчовыя тавары, прамысловыя тавары для насельніцтва, вырабы народных і мастацкіх рамёстваў, прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння, паслугі.
Арганізацыі, якія жадаюць удзельнічаць у конкурсе, павінны падаць да 15 ліпеня бягучага года заяўку і камплект дакументаў у сакратарыят камісіі па падвядзенні вынікаў конкурсу, сфарміраваны пры Дзяржстандарце.
Арганізацыі, тавары якіх будуць удастоены звання лаўрэата конкурсу, атрымаюць дыпломы і права размяшчэння знака (лагатыпа) конкурсу на тавары і яго ўпакоўцы, этыкетцы (ярлыку), а таксама выкарыстання яго ў дакументацыі і рэкламных матэрыялах.
Звесткі пра тавары-лаўрэаты конкурсу і іх вытворцаў размяшчаюцца на сайтах Дзяржстандарта і Праграмы "100 лепшых тавараў Расіі" (www.100best.ru), а таксама ў каталогу праграмы "100 лепшых тавараў Расіі". Каталог рассылаецца ў органы дзяржаўнага кіравання Расійскай Федэрацыі, іншыя зацікаўленыя арганізацыі.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)