30 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Абвяшчэнне 2013 года Годам беражлівасці падштурхне вытворцаў да больш эканомнага стаўлення да рэсурсаў. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства "Віцебскі плодаагароднінны камбінат" Расціслаў Гошка.
"Кіраўніком дзяржавы было прынята правільнае рашэнне, бо нам ёсць над чым працаваць, асабліва ў сферы энерга- і рэсурсазберажэння", - сказаў Расціслаў Гошка. У якасці прыкладу ён распавёў аб планах, накіраваных на эканомію энергетычных рэсурсаў на Віцебскім плодаагароднінным камбінаце.
Паводле яго слоў, сёлета пачалася мадэрнізацыя кацельні з заменай шэрагу абсталявання на менш энергаёмістае, што ў выніку дасць эканомію энергетычных рэсурсаў удвая. У памяшканнях і цэхах мяняюцца на энергазберагальныя ўсе лямпы, а ў найбліжэйшы час будзе праведзены перагляд нормаў страт пры перапрацоўцы сыравіны і матэрыялаў. У першым квартале наступнага года прадпрыемства завершыць рэалізацыю праекта па асваенні выпуску агароднінна-мясных і агароднінна-рыбных кансерваў, а новы праект па развіцці вытворчасці звязаны з набыццём тэхналагічнага абсталявання для выпуску тэрмастабільнай начынкі для прадпрыемстваў кандытарскай галіны. "Важным параметрам пры выбары вытворцаў абсталявання па кожным з гэтых праектаў было нізкае энергаспажыванне", - адзначыў Расціслаў Гошка.
За студзень-кастрычнік камбінат вырабіў прадукцыі на суму каля Br40 млрд. Выпушчана звыш 1 тыс. т дзіцячага плодаагародніннага харчавання (127% да аналагічнага ўзроўню мінулага года) і каля 2,2 тыс. т кансерваў агульнага прызначэння (адпавядае ўзроўню 2011 года). У Расію, Украіну, Туркменістан і Казахстан пастаўлена прадукцыі амаль на $300 тыс. Паказчык па матэрыялаёмістасці за 10 месяцаў склаў мінус 2%, энергазберажэнні - мінус 6%. Рэнтабельнасць продажаў дасягнула 21%.
Віцебскі плодаагароднінны камбінат акцыянаваны ў 2008 годзе. Асартымент налічвае звыш 100 найменняў кансерваў. У цяперашні час магутнасці прадпрыемства па перапрацоўцы сыравіны (мяса, агародніны і рыбы) у змену складаюць па 750 кг. У склад прадпрыемства ўваходзіць таксама сельскагаспадарчае прадпрыемства "Радуньскае", якое з'яўляецца ўласнай сыравіннай базай камбіната. Агульная колькасць працаўнікоў - 400 чалавек.-0-
БЕЛТА
Аб'ява Года беражлівасці падштурхне вытворцаў больш эканомна ставіцца да рэсурсаў - гендырэктар прадпрыемства
30.11.20120 праглядаў