24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уладальнік зімовага кубка Jaf Tea па ралі-спрынт вызначыцца 25 лютага ў Браславе, паведаміў БЕЛТА прэс-сакратар спаборніцтваў Даніла Далматаў.
На старт плануюць выйсці 13 экіпажаў. Акрамя беларускіх спартсменаў, у заяўцы значацца спартсмены з Літвы і Расіі. Удзельнікі ўжо на шляху ў Браслаў: сёння ўвечары іх чакае адміністрацыйны кантроль, а суботняя раніца пачнецца са знаёмства з трасай.
Маршрут ралі-спрынта пралягае каля населеных пунктаў Карпелішкі, Гірэйшы, Ілгайцы і складаецца з двух спецучасткаў працягласцю 6 і 7 км - пры трохразовым праездзе ўдзельнікі намотаюць у агульнай складанасці 39 км заліковай дыстанцыі. Упершыню ў беларускім ралі-спрынце пры старце будзе ўжыты хвілінны інтэрвал паміж удзельнікамі, што дазволіць зрабіць гонку яшчэ больш дынамічнай для гледачоў. Афіцыйны старт гонцы будзе дадзены ў 12.40, а ўжо ў 17.00 чакаецца прыбыццё першага экіпажа на фініш.
Традыцыйна арганізатары паклапоцяцца пра балельшчыкаў, для якіх падрыхтаваны гледацкія месцы каля трасы.
Па выніках першай зімовай гонкі турнірную табліцу ўзначальвае барысаўчанін Андрэй Галабародзька на аўтамабілі Subaru Impreza. Следам ідзе мінчанін Барыс Лукомскі, а тройку лідараў замыкае сталічны пілот Анатоль Шымакоўскі. Аднак практычна ўсе ўдзельнікі маюць роўныя шанцы на перамогу. Таму, каб перамагчы на зімовых трасах Браслаўскага раёна, на баку спартсмена павінна быць не толькі майстэрства пілатавання, але і ўдача.
Браслаўская гонка стане добрай размінкай перад міжнародным ралі "Славянскі кубак". Яго Браслаўскі раён прыме ў маі.-0-
БЕЛТА
Уладальнік зімовага кубка Jaf Tea па ралі-спрынту вызначыцца 25 лютага ў Браславе
24.2.20120 праглядаў