Ушанаванне шматдзетных маці адбылося ў аблвыканкаме напярэдадні Дня маці. 13 з іх узнагароджаны ордэнам Маці, 25 – абласной прэміяй імя Героя Савецкага Саюза З. Тусналобы-Марчанка.

Жанчын, удастоеных узнагарод, аб'ядноўвае адказнае шчаслівае мацярынства. У іх характарыстыках – выключна станоўчыя водгукі з месцаў працы, чырвонай ніткай праходзіць інфармацыя аб тым, што мамы надаюць велізарную ўвагу выхаванню і развіццю дзяцей, маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, служаць прыкладам для навакольных.

– Ва ўсіх кутках краіны напярэдадні нацыянальнага свята – Дня маці – ушануюць мам, якія нарадзілі і выхавалі дзяцей, – звярнуўся да вінаватых урачыстасці памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло. – Няхай вашы дзеці растуць здаровымі, радуюць вас сваімі поспехамі, становяцца сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, людзьмі, за якіх вам не будзе сорамна! Вы здзяйсняеце сур'ёзны подзвіг мацярынства – і краіна ўдзячная вам за гэта.

Ігар Брыло ўручыў ордэн Маці жыхаркам вобласці, якія нарадзілі і выхавалі пяцёра дзяцей.

У святочным зале было светла ад усмешак цудоўных жанчын. З нагоды ўрачыстасці яны былі асабліва прыбраныя. Кожную суправаджала дзіця, і ўсе дзеці на пытанне, ці падабаецца ім свята і ці рады яны за маму, адказвалі:

– Вельмі рады! Мая мама – самая лепшая.

– Атрымаць такую высокую дзяржаўную ўзнагароду – вельмі хвалююча і ганарова. Думаю, такія пачуцці падзяляюць усе жанчыны, чыя матчына праца сёння адзначана, – падзялілася эмоцыямі медсястра Аршанскай гарадской паліклінікі № 5 Юлія Ходас. – На гэта ўрачыстасць разам са мной сям'я дэлегавала старэйшага з пяці сыноў Івана. Астатнія і муж з нецярпеннем чакаюць дома. Вядома, сёння ў нас радасць!

– Мы шчыра ганарымся вамі, – прызнаўся годным шматдзетным маці намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. – Вы выхоўваеце цудоўных дзяцей, якія дэманструюць поспехі ў вучобе, творчасці, спорце. У гэтым ваша вялікая заслуга. Дзяржава пастаянна падтрымлівае інстытуты сям'і, мацярынства і дзяцінства. Сістэма мер падтрымкі ўключае ў сябе 11 розных відаў сямейных дапамог, выплаты, льготы і гарантыі.

Сямейны капітал на пачатак кастрычніка 2023 года прызначаны больш чым 900 шматдзетным сем'ям. Прынята амаль 950 рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі капіталу, з іх 70% – на будаўніцтва і набыццё жылля.