23 мая, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Абласная алімпіяда па праграмаванні і "Вернісаж дзіцячых даследчых праектаў" пройдуць сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным інстытуце развіцця адукацыі
Акрамя інтэлектуальных спаборніцтваў, удзельнікаў чакае сустрэча з прадстаўнікамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
"Абласная алімпіяда па праграмаванні сярод вучняў 5-6 класаў праводзіцца ў рэгіёне з 2001 года. За гэтыя гады многія яе ўдзельнікі сталі пераможцамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па інфарматыцы, паспяхова ўдзельнічалі ў конкурсах па праграмаванні ў Расіі", - падкрэслілі спецыялісты.
Сёння таксама адкрыецца вочны тур абласнога конкурсу вучняў пачатковай школы "Вернісаж дзіцячых даследчых праектаў". Конкурс будзе праведзены ў форме адкрытай прысцендавай абароны даследчых работ на разнастайныя тэмы: "Вырошчванне крышталёў цукру ў хатніх умовах", "Выраб магніта з цвіка", "Уплыў антыгалалёдных рэагентаў на ўдзельнікаў дарожнага руху", "Чаму спявае мая скрыпка" і інш. Падчас гэтага спаборніцтва пройдуць інтэрв'ю з юнымі даследчыкамі, якія раскажуць аб планаванні, ходзе і выніках сваіх эксперыментаў.
Арганізатарамі мерапрыемстваў з'яўляюцца ўпраўленне адукацыі аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі.-0-