У Віцебску прыёмныя і замяшчальныя бацькі з усяго рэгіёну абмяняюцца вопытам на форуме, паведамілі БЕЛТА у аблвыканкаме.

Абласны форум, накіраваны на распаўсюджванне станоўчага вопыту сямейнага выхавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, прыцягненне ўвагі грамадскасці да дадзенага пытання, пройдзе 22 кастрычніка на базе Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Удзельнікамі мерапрыемства стануць прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, профільныя спецыялісты аддзелаў ( упраўленняў) па адукацыі райвыканкамаў, сацыяльна-педагагічных цэнтраў, прадстаўнікі розных зацікаўленых структур і ведамстваў (пракуратуры, камісіі па справах непаўналетніх, упраўленняў унутраных спраў, аховы здароўя, МНС, ЖКГ, прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі), Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава, Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. Усяго чакаецца больш за 100 удзельнікаў.

На форуме будуць працаваць выставы метадычных матэрыялаў "Азбука прыёмнага бацькі" і творчых работ "Россып талентаў". На кансультацыйных пляцоўках удзельнікі змогуць актуалізаваць у спецыялістаў інфармацыю па пытаннях абароны жыллёвых правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, перададзеных на выхаванне ў сем'і; рэгулявання працы прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу; комплекснага падыходу пры стварэнні і суправаджэнні замяшчальных сем'яў.

Арганізатарам выступае галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

У цяперашні час у Віцебскай вобласці 501 прыёмная сям'я, у якой выхоўваюцца 835 дзяцей. У 18 раёнах рэгіёну дзейнічае 31 дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе падрастаюць 222 дзіцяці.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)