Больш за 100 удзельнікаў сабраў абласны моладзевы форум для працуючай, у тым ліку сельскай, моладзі «#OСA», прысвечаны 105-годдзю Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі (УЛКСМ) і 60-годдзю Беларускіх студэнцкіх атрадаў на базе дзіцячага аздараўленчага лагера «Энергетык» у вёсцы Малыя Лётцы Віцебскага раёна. Ва ўрачыстым адкрыцці прыняў удзел намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў.

– БРСМ аб'ядноўвае моладзь, стварае ўмовы для яе рэалізацыі ў самых розных сферах дзейнасці. Сёння студатрадаўскі рух – лепшае, што сучасны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ўзяў ад камсамола. Для развіцця дзяржавы важна, каб у адзінстве моладзь была гатова працаваць на дабро і росквіт роднай краіны, – адзначыў Вячаслаў Дурноў. – Рэальнымі справамі вы ўносіце годны ўклад у развіццё нашай Радзімы. У аснове моладзевага руху – патрыятызм, працавітасць, пераемнасць пакаленняў. З упэўненасцю можна сказаць, што будучыня краіны ў надзейных руках.

У рамках форуму адбылося падвядзенне вынікаў Трэцяга працоўнага семестра, а таксама ўзнагароджанне лепшых студэнцкіх атрадаў, штабоў працоўных спраў, камандзіраў, камісараў па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр» на лепшы студэнцкі атрад і на лепшую арганізацыю, якая прымае студэнцкі атрад. Фіналам адкрыцця стане святочны флэшмоб, прысвечаны 105-годдзю УЛКСМ. Падчас форуму Віцебская вобласць далучылася да рэспубліканскай акцыі «Эстафета цяпла» па колцы дроў. Баец адправяць драўніну адзінока пражываючай пенсіянерцы Тамары Шэптун з вёскі Запруддзе Віцебскага раёна.

Таксама актывістаў чакае спартыўна-конкурсная праграма, дзе ўдзельнікі прадэманструюць сілу і цягавітасць. Увечары адбудуцца падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне каманд-пераможцаў.

vitebsk-region.gov.by