Паэтапнае вяртанне медустаноў да штатнага рэжыму, правядзенне тэстаў на антыцелы да каранавірусу і больш за 3,5 тыс. вылечаных пасля пнеўманіі.

Паэтапнае вяртанне медустаноў да штатнага рэжыму, правядзенне тэстаў на антыцелы да каранавірусу і больш за 3,5 тыс. вылечаных пасля пнеўманіі.

У Віцебскай вобласці змяншаецца колькасць пацыентаў з пнеўманіямі, якія патрабуюць лячэння ў стацыянарных умовах, што ў сваю чаргу дазваляе перапрафіляваць бальнічныя ложкі для далейшага аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі ў штатным рэжыме. Пра гэта паведаміў абласны штаб па прадухіленні завозу, распаўсюджвання выпадкаў і абароне насельніцтва ад інфекцыі, выкліканай COVID-19.

Так, з 8 мая спыніў функцыянаванне кантактны цэнтр, размешчаны на базе санаторыя «Лётцы», дзе ажыццяўлялася назіранне за кантактамі першага ўзроўню і далячэнне пацыентаў з пнеўманіямі. З 15 мая аднавіў працу па аказанні анкалагічнай дапамогі хірургічны корпус абласнога онкадыспансера. З 25 мая вярнуўся да профільных пацыентаў абласны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі. У бліжэйшы час некалькі аддзяленняў абласной бальніцы, перапрафіляваных для лячэння хворых з пнеўманіямі, таксама пяройдуць на звычайны рэжым.

Ва ўсіх цэнтральных раённых бальніцах Віцебскай вобласці прадугледжаны ложкі для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з пнеўманіямі і каранавіруснай інфекцыяй. У залежнасці ад эпідэміялагічнай сітуацыі, якая складваецца ў рэгіёнах, аператыўна прымаюцца рашэнні па павелічэнні іх колькасці або зваротным перапрафіляванні.

Па стане на 25 мая ў бальніцах і паліклініках Віцебска праведзена каля 5 200 экспрэс-тэстаў на антыцелы да COVID-19.

У цяперашні час яны выконваюцца цэнтралізавана ва ўстановах аховы здароўя для ажыццяўлення кантролю за пацыентамі і кантактамі першага ўзроўню з мэтай кіравання эпідэміялагічнай сітуацыяй. У далейшым прайсці тэсціраванне на прадмет перанесеннага захворвання змогуць тыя, у каго ёсць падазрэнне, што яны ў лёгкай форме перахварэлі гэтай інфекцыяй.

Лабараторнае тэсціраванне метадам ПЦР на каранавірус арганізавана ў 8 лабараторыях. Усяго праведзена 55 719 лабараторных тэсціраванняў.

За суткі ў сярэднім даследуецца каля 1 600 проб.

Пацыенты, якія маюць патрэбу ў рэабілітацыі на стацыянарным узроўні, накіроўваліся ў санаторый «Чыгуначнік». З 20 мая аднаўленчае лячэнне ажыццяўляецца на базе аддзялення рэабілітацыі «Жалезнякі» абласнога кардыялагічнага цэнтра. У цяперашні час на стацыянарнай рэабілітацыі знаходзіцца больш за 100 чалавек.

Для большасці пацыентаў пасля перанесенай пнеўманіі аднаўленчыя праграмы рэалізуюцца ў амбулаторных і хатніх умовах. Для насельніцтва арганізаваны дыстанцыйныя заняткі па фізічнай рэабілітацыі і анлайн-кансультацыі па комплексе практыкаванняў дыхальнай гімнастыкі.

Абласны штаб па прадухіленні завозу, распаўсюджвання выпадкаў і абароне насельніцтва ад інфекцыі, выкліканай COVID-19.